Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі запусьцілі службу дастаўкі аптэчных тавараў

Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Дастаўка працуе не на хатні адрас, а на адрасы мясцовых аптэк. Замовіць можна толькі безрэцэптурныя тавары.

Дзяржаўныя арганізацыі «Белфармацыя» і «Белпошта» запусьцілі экспрэс-дастаўку аптэчных тавараў у які-хаця населены пункт Беларусі, паінфармавала Міністэрства здароўя.

Гэткім чынам, улады працягваюць разьвіваць першую дзяржаўную інтэрнэт-аптэку pharmamall.by. Яна мае палегчыць доступ да лекаў усім, незалежна ад месца жыхарства.

Пры гэтым атрымаць пасылкай можна ня ўсе віды прэпаратаў:

  • Даставіць на дом могуць безрэцэптурныя лекавыя сродкі, уключаныя ў пералік Міністэрства аховы здароўя, тавары для прыгажосьці, здароўя і догляду, якія патрабуюць тэмпэратуры захоўваньня, не ніжэйшай за +15º.
  • Дастаўляць рэцэптурныя прэпараты дадому не дазваляе цяперашні закон, яго не зьмяняюць. Лекі паводле рэцэпту можна зарэзэрваваць на сайце і забраць у аптэцы.
  • Служба дастаўкі таксама не дасылае лекавых сродкаў з аб’ёмнай доляй этылавага сьпірытусу звыш 25%.

Калі няма доступу да інтэрнэту або трэба атрымаць прафэсійную дапамогу, аформіць замову і атрымаць кансультацыю адмыслоўца можна праз адзіны нумар 169.

Што гэта значыць

Купіць лекі будзе лягчэй, ня трэба будзе ехаць для гэтага ў буйнейшы горад. Замову можна аформіць, не выходзячы з дому. Для рэцэптурных сродкаў трэба будзе пасьля афармленьня замовы прыйсьці ў мясцовую аптэку.

Пры гэтым праз санкцыі й іншыя абставіны некаторыя лекі ў Беларусі альбо ў дэфіцыце, альбо пэрыядычна зьнікаюць з продажу. Напрыклад, у сьнежні 2025 году зь беларускіх аптэк зьнікаў літый, які выпісваюць тым, хто цярпіць на біпалярны разлад.

Акрамя таго, лекі ў Беларусі ўваходзяць у катэгорыю тавараў, цэны на якія растуць хутчэй за ўсё. Напачатку 2023 году Белстат і Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю прызнавалі, што мэдыкамэнты ў краіне даражэюць рэгулярна, цэны на іх за год вырасьлі ад 10% да 15%. Гэта прымусіла ўрад увесьці рэгуляваньне цэнаў на больш як паўсотні лекавых прэпаратаў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG