Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалося вылучэньне на другую навуковую прэмію «Бізон Гіґс». Расказваем падрабязнасьці

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Слухаць
7 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Намінантаў вылучаюць актыўныя беларусы, пераможцы вызначаюцца народным галасаваньнем. У прыярытэце — дакладныя і прыродазнаўчыя навукі: матэматыка, фізыка, хімія, біялёгія, мэдыцына.

«Адсылка да зубра»

Прэмію для беларускіх навукоўцаў «Бізон Гіґс» у 2024 годзе заснавала супольнасьць зыну Pamyłka («Памылка»). Навуковую прэмію заснавальнікі назвалі па аналёгіі з «базонам Гіґза», «гіґзаўскім базонам» — часьціцай, дзякуючы якой іншыя часьціцы набываюць масу. У 2013 годзе Нобэлеўскую прэмію ў фізыцы была прысуджана Пітэру Гіґзу і Франсуа Энглеру. Ну, а «бізон» — гэта адсылка да беларускага зубра», жартуюць заснавальнікі.

У прыярытэце дакладныя і прыродазнаўчыя навукі — матэматыка, фізыка, хімія, біялёгія, мэдыцына. А таксама міждысцыплінарныя, напрыклад на стыку біялёгіі і філязофіі, фізыкі і біялёгіі.

Каардынатар прэміі для беларускіх навукоўцаў Міхаіл Воўчак у размове з Свабодай тлумачыць, што першы крок да прэміі — збор яе фонду, данаты.

На пачатку лістапада пачынаецца другі этап — намінаваньне. Але фонд прэміі будуць зьбіраць да абвяшчэньня пераможцаў у сьнежні. Таму кожны ахвочы можа падтрымаць яе рублём (эўрам, злотым, далярам) да 19 сьнежня, сабраная сума пойдзе пераможцу, запэўнівае спадар Воўчак.

«Важна, каб намінант быў беларусам»

«Мы чакаем прапановаў актыўных беларусаў, што ведаюць жывых беларускіх навукоўцаў, якіх можна адзначыць. Адзначыць можна ўсіх, хто працуе ў навуковых інстытуцыях, дасьледчых камандах або проста займаецца навукай. Розьніцы няма, мы ня Нобэлеўскі камітэт, мы беларуская ініцыятыва, якая хоча разьвіць каштоўнасьць навуковай дзейнасьці.

Што да галінаў навукі, гэта даволі шырокі аспэкт, я б сказаў так: усё, што негуманітарнае, не зьвязанае з мэнэджмэнтам, гісторыяй, культурай і г. д. Мы факусуемся цалкам на дакладных навуках, навуках аб Зямлі, прыродазнаўчых навуках: фізыка, хімія, біялёгія, матэматыка, мэдыцына, фармацэўтыка, кібэрнэтыка — у пэўным сэнсе другая палова навук пасьля гуманітарных», — тлумачыць каардынатар прэміі «Бізон Гіґс».

Няма ніякіх абмежаваньняў на ўзрост, спэцыялізацыю, месца жыхарства навукоўца, месца ягонай працы. Трэба, каб прэтэндэнта вылучылі як мінімум два беларусы, якія ведаюць чалавека, разумеюць, чым ён займаецца.

«Важна, каб намінант быў беларусам або чалавекам, які сябе атаясамлівае зь Беларусьсю. Таксама важна, каб гэты чалавек быў бачны, каб у яго былі нейкія навуковыя працы, распрацоўкі, блог, дзе можна ўбачыць актыўнасьць, профілі ў сацыяльных сетках, зь якіх было б зразумела, чым чалавек займаецца, акрэсьліць пэўны дамэн — ён фізык, мікрабіёляг… То бок важна, каб гэта было бачна. А якія ў яго тытулы — гэта абсалютна няважна», — кажа Міхаіл Воўчак.

Увесь лістапад будзе ісьці намінаваньне. Пакідаць свае прапановы можна ў адмысловай онлайн-анкеце.

Арагнізатары абяцаюць вэрыфікацыю і праверку вылучаных на прэмію прэтэндэнтаў. Пасьля будзе галасаваньне — з 1 па 20 сьнежня. Да Новага году будуць вызначаныя пераможцы.

«Народны падыход»

Міхаіл Воўчак падкрэсьлівае менавіта народны падыход: беларусы самі вылучаюць годных, на іх погляд, навукоўцаў. А таксама самі будуць народным галасаваньнем вызначаць пераможцаў.

«Пры вызначэньні намінантаў на Нобэля ёсьць нейкая камісія, якая іх фільтруе. Тут трэба разумець кантэкст: розныя грамадзтвы знаходзяцца на рознай стадыі разьвіцья, і патрабаваць ад беларусаў, каб у нас ужо была нейкая экспэртная супольнасьць, якая б фільтравала, мне здаецца, можа нашкодзіць. Важна разьвіваць свабодную беларускую навуковую супольнасьць. Зараз патрэбная адкрытасьць. Хацелася б, каб менавіта грамадзяне бралі ўдзел і праявілі актыўнасьць. Можна вызначаць навукоўцаў, якія працуюць унутры Беларусі, а таксама тых, хто працуе па-за межамі краіны. Калі вы ведаеце беларусаў унутры Беларусі, калі ласка, вылучайце», — заахвочвае каардынатар прэміі.

На першую прэмію 2 гады таму былі вылучаныя намінанты ў розных галінах навукі: лічбавыя камунікацыйныя тэхналёгіі; матэматыка; мэдыцына; квантавая хімія; штучны інтэлект; арніталёгія.

Першае месца тады прысудзілі Максіму Домнічу (анкалёгія, мэдыцына), ён родам з Століна, у 2011 годзе скончыў біялягічны факультэт БДУ. Працуе ва ўнівэрсытэцкім шпіталі Эсэну у Нямеччыне.

Другое месца заняў Дзьмітры Фірага (фармацэўтыка і квантавая хімія). Родам з Зэмбіну Барысаўскага раёну. Скончыў у 2011 годзе хімфак БДУ, цяпер працуе ў Бонскім унівэрсытэце.

На трэцім месцы была прафэсарка Юлія Сандамірская, якая вучылася на фізфаку БДУ, а потым у нямецкіх унівэрсытэтах. Узначальвае навуковы цэнтар «Кагнітыўныя вылічэньні» пры ўнівэрсытэце прыкладных навук у Цюрыху.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG