Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША на год турмы асудзілі грамадзянку Беларусі за незаконны экспарт авіякампанэнтаў у Расею

Будынак Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў, якое вяло справу беларускі Яны Лявонавай. Ілюстрацыйнае фота
Будынак Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў, якое вяло справу беларускі Яны Лявонавай. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля адбыцьця пакараньня яе дэпартуюць у Беларусь.

Суд у ЗША асудзіў 34-гадовую грамадзянку Беларусі Яну Лявонаву, якая апошнім часам пражывала ў Расеі, на 12 месяцаў і адзін дзень пазбаўленьня волі ў фэдэральнай турме.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі ЗША, яе прызналі вінаватай у незаконным вывазе з ЗША ў Расею вялікай колькасьці авіяцыйнай электронікі і іншага авіяцыйнага абсталяваньня.

Згодна з рашэньнем суда, пасьля адбыцьця пакараньня Лявонаву дэпартуюць у Беларусь.

«У той час як Расея вяла вайну супраць Украіны, Яна Лявона займалася кантрабандай авіяцыйных кампанэнтаў амэрыканскай вытворчасьці для кампаніі, якая знаходзіцца ў „чорным сьпісе“ ўраду ЗША. Яна выкарыстоўвала фіктыўныя кампаніі, падробленыя дакумэнты, замежных пасярэднікаў і банкаўскія рахункі за мяжой, каб схаваць незаконны экспарт і абысьці санкцыі ЗША», — заявіла пракурор ЗША Жанін Піро.

Пракурор падкрэсьліла, што «кожны, хто спрабуе выкарыстаць амэрыканскія ланцужкі паставак для падтрымкі варожых рэжымаў і падрыву нацыянальнай бясьпекі ЗША, павінен ведаць: мы знойдзем вас, будзем перасьледваць празь межы і прыцягнем да адказнасьці».

«Тыя, хто спрабуе схавацца за фіктыўнымі кампаніямі, падробленымі дакумэнтамі ці іншымі спосабамі абыходу правілаў, каб перадаць нашым праціўнікам абмежаваныя ў абароце амэрыканскія тавары і тэхналёгіі, павінны разумець: іх дзеяньні будуць выкрытыя. Гэтая справа сьведчыць пра старанную працу нашых агентаў і партнэраў па выяўленьні і спыненьні дзейнасьці тых, хто імкнецца падарваць бясьпеку нашай краіны, а таксама па прыцягненьні іх да адказнасьці», — заявіў спэцыяльны агент ФБР Крыс Ормерод.

Што папярэднічала

Сёлета 20 траўня Яна Лявонава віну па справе аб незаконных пастаўках авіяцыйных кампанэнтаў амэрыканскай вытворчасьці ў Расею. Паводле вэрсіі амэрыканскіх уладаў, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны яна ўдзельнічала ў схеме закупкі авіёнікі і абсталяваньня праз фірмы-пасярэднікі ў Армэніі і іншых краінах, хаваючы канчатковага атрымальніка грузаў.

Лявонаву затрымалі ў Францыі і ў лістападзе 2025 году экстрадавалі ў ЗША. Першапачаткова ёй выставілі больш шырокі набор абвінавачаньняў — у тым ліку ў кантрабандзе, адмываньні грошай і махлярстве супраць ЗША. Пасьля дамовы са сьледзтвам яна прызнала віну па абвінавачаньні, зьвязаным з парушэньнем экспартнага заканадаўства.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG