Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве назвалі працягласьць дэмантаваных ліній электраперадач, зьвязаных зь Беларусьсю і Калінінградам

Лініі электраперадач у Калінінградзкай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Лініі электраперадач у Калінінградзкай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Літоўскі апэратар перадачы электраэнэргіі Litgrid працягвае дэмантаж ліній электраперадач, якія зьвязвалі Літву зь Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю.

«На сёньня дэмантавалі 99 кілямэтраў ліній электраперадач і 281 апора. Усяго плянуецца прыбраць 169 кілямэтраў ліній і 545 апор», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі.

Адзначаецца, што цяпер 238 гектараў зямлі, вызваленай ад ліній электраперадач, можна будзе выкарыстоўваць без абмежаваньняў.

Лініі, якія дэмантуюць, знаходзяцца на тэрыторыі муніцыпалітэтаў Ігналінскага, Вісагінскага, Віленскага, Сьвянцянскага, Алітускага і іншых раёнаў.

«Пасьля завяршэньня праекту землеўладальнікі змогуць выкарыстоўваць амаль тысячу гектараў зямлі, свабоднай ад абмежаваньняў, абумоўленых інфраструктурай электраперадачы», — сказаў Вайдотас Станкевічус, кіраўнік групы ў пытаньнях устойлівасьці ў Цэнтры рэалізацыі праграмы ўстойлівасьці кампаніі Litgrid.

Што папярэднічала

Пасьля таго, як у лютым 2025 году краіны Балтыі адключыліся ад энэргасыстэмы, якую кантралюе Расея, і інтэграваліся ў сынхронную зону кантынэнтальнай Эўропы, лініі электраперадач, зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю, сталі непатрэбнымі. Работы па дэмантажы пачаліся неўзабаве пасьля сынхранізацыі з эўрапейскай энэргасыстэмай.

Усяго дэмантуюць дванаццаць транспамежных ліній электраперадач, зьвязаных з Беларусьсю, і шэсьць ліній, зьвязаных з Калінінградзкай вобласьцю. Працэс дэмантажу ўключае зьняцьце правадоў і ізалятараў, разборку апор, аднаўленьне тэрыторый, а таксама зьняцьце з зямельных участкаў абмежаваньняў, зьвязаных з функцыянаваньнем ліній электраперадач.

Усе работы плянуюць завяршыць у другой палове 2028 году.

Чаму гэта важна

Раней Беларусь атрымлівала неабходныя ператокі энэргіі з энэргасыстэмаў краін Балтыі і Ўкраіны.

Украіна за некалькі дзён да поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня сынхранізавала сваю энэргасыстэму з эўрапейскай. Краіны Балтыі канчаткова адлучыліся ад «энэргетычнага колца» з Расеяй і Беларусьсю ў лютым 2025 году.

Такім чынам, беларуская энэргетычная сыстэма стала цалкам залежнай ад расейскае: ва ўмовах санкцыяў Беларусь можа прадаваць электраэнэргію, якую выпрацоўвае Беларуская АЭС, толькі на расейскі рынак, і залежыць ад расейскай сыстэмы пры надзвычайных сытуацыях, зьвязаных з дэфіцытам або прафіцытам электраэнэргіі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG