16 лістапада ўступіць у сілу абноўленае палажэньне аб парадку правядзеньня дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Яго зацьвердзіла пастанова Савета міністраў ад 13 траўня 2026 году № 244, піша БелТА.
Адной з самых чаканых зьменаў, як сказалі на ўнітарным прадпрыемстве «Белтэхагляд», будзе новы парадак зьмены ўласьніка аўтамабіля.
«Раней пры куплі транспартнага сродку, на які ўжо быў атрыманы дазвол на допуск (гэта значыць пройдзены тэхагляд), новы ўладальнік павінен быў праходзіць працэдуру нанова. Гэта стварала лішнія клопаты. З 16 лістапада гэтая норма скасоўваецца. Калі ў аўтамабіля ёсьць дзейны дазвол, паўторна праходзіць тэхагляд ня трэба», — патлумачыў намесьнік начальніка філіялу УП «Белтэхагляд» у Менску Сяргей Каравацкі.
Зьвесткі пра дазвол будуць аўтаматычна пераносіць на новага ўладальніка дзякуючы абмену данымі паміж інфармацыйнымі сыстэмамі.
У выпадку, калі дакумэнт, які пацьвярджае праходжаньне тэхагляду (блянк дазволу), быў страчаны або сапсаваны, то прадугледжана выдача дублікату блянку адміністрацыйнай пастановы. На прадпрыемстве яго аформяць на падставе заявы зацікаўленай асобы.
Калі ў пасьведчаньне аб рэгістрацыі транспартнага сродку ўносілі зьмяненьні, напрыклад, зьмяніўся рэгістрацыйны знак, новыя даныя ўнясуць у раней выдадзены блянк дазволу.
Плата за атрыманьне дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху магчымая з выкарыстаньнем плацёжнай сыстэмы ў АРІП.
Але гэта ня ўсе зьмяненьні. Адбудзецца абнаўленьне формы заяў на правядзеньне адміністрацыйных працэдураў. У тым ліку гэта будзе тычыцца заявы на выдачу дублікату дазволу або ўнясеньне ў яго зьмяненьняў. Каб пазьбегчы блытаніны, новыя блянкі разьмесьцяць на афіцыйным сайце прадпрыемства gto.by у профільных разьдзелах.
Аўтаўладальнікі па-ранейшаму могуць атрымаць дазвол на допуск у электронным выглядзе. Зрабіць гэта можна праз адзіны партал электронных паслуг «Е-Паслуга».
Што гэта значыць?
Продаж у купля аўтамабіляў і матацыклаў адбываецца ў кожным горадзе часта. Станцыі тэхагляду маглі быць загружаныя працай, хаця ў асобных выпадках яны глядзелі на стан аднаго і таго ж аўтамабіля часьцей, проста праз норму, якая абавязвала новага ўладальніка ехаць і атрымліваць пасьведчаньне на купленым аўтамабілі. Нават калі той быў на тэхаглядзе месяц таму.
Яшчэ ў траўні прэм'ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын падпісаў пастанову «Аб дзяржаўным тэхнічным аглядзе і асноўных паказьніках у галіне дарожнага руху».
Акрамя таго, транспартная інспэкцыя міністэрства транспарту атрымае паўнамоцтвы выдаваць дазволы дыягнастычным станцыям. Паводле дзейных нормаў гэта робіць «Транстэхніка».
Таксама інспэкцыя будзе атрымліваць зьвесткі зь дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў. Раней ад кіроўцаў патрабавалі мець адпаведныя дакумэнты пры сабе.
Форум