Віктар Шукеловіч — вядоўца праграмаў «Сармацкі вузел» і «Вяскоўцы» на «Белсаце». Сам Шукеловіч паходзіць з Ашмяншчыны — памежжа, дзе стагодзьдзямі перапляталіся беларуская, літоўская і польская культуры. Для сябе ён выбраў беларускую ідэнтычнасьць, але кажа, што яна не прымушае адмаўляцца ад іншых частак уласнай культурнай спадчыны.
Падчас сваіх паездак па Беларусі Шукеловіч знайшоў «беларускую Сыцылію», сустракаўся з нашчадкамі Францішка Багушэвіча і князёў Радзівілаў, запісваў гісторыі людзей у вёсках, якія паступова зьнікаюць разам са сваімі гаворкамі, традыцыямі і памяцьцю.
У размове на «Канапе» ён тлумачыць, чаму веданьне ўласнай гісторыі можа быць адным з найлепшых антыдотаў супраць «русского мира», што русіфікацыя зрабіла зь беларускай ідэнтычнасьцю і ці ёсьць у Беларусі рэгіён, які Расея магла б выкарыстаць гэтак жа, як выкарыстала Данбас ва Ўкраіне.
Ці магчымы «беларускі Данбас»?
Рэгіянальныя адрозьненьні могуць быць культурным багацьцем краіны, але могуць стаць і яе слабым месцам. Ва Ўкраіне тэрыторыяй, якую Расея выкарыстала для пачатку вайны яшчэ ў 2014 годзе, стаў Данбас. Таму мы спыталі Шукеловіча, ці бачыць ён у Беларусі рэгіён або групу людзей, якіх Масква магла б выкарыстаць для падобнага канфлікту.
Шукеловіч зьвяртае ўвагу, што пэўныя рэгіянальныя адрозьненьні ў Беларусі можна было заўважыць ужо падчас пратэстаў 2020 году.
«Падчас пратэстаў 2020 году ўсё ж больш людзей на захадзе краіны, у большай колькасьці гарадоў выйшлі, падтрымалі пратэст. У абласных цэнтрах на ўсходзе таксама, але калі сягнуць ужо раённых цэнтраў, то там мы ўжо не згадаем нават, ці былі там пратэсты. Можа, трэба глядзець на поўнач і поўдзень, можа, яшчэ неяк дзяліць. Але русіфікацыя сапраўды дае сваё».
Пры гэтым праблему ён бачыць ня ў самой расейскай мове, а ў русіфікацыі, якая выціскае беларускую і іншыя мясцовыя ідэнтычнасьці.
«Тая серная кіслата, яна выпальвае нашую ідэнтычнасьць, нашую тоеснасьць, а на замену прыносіць тое напускное, накладное. І я таксама ня супраць як такой расейскай мовы. Але калі гэта агрэсіўная расейшчына, калі гэта зьнішчальная расейшчына, калі гэта тое, што не дае нічому — ні беларускаму, ні літоўскаму, ні ўкраінскаму — прабіцца, ну то які яна можа мець пазытыўны эфэкт? Ня ведаю, цяжка пра гэта сказаць».
«Нейкага аднаго Данбасу ў Беларусі я б не назваў»
Шукеловіч ня бачыць у Беларусі аднаго канкрэтнага рэгіёну, які мог бы стаць мясцовым аналягам Данбасу. Але патэнцыйную пагрозу ён бачыць у іншым — у частцы грамадзтва, якая арыентуецца на Расею. Для яе ён выкарыстоўвае гістарычную аналёгію з Таргавіцай.
«Гэта такі лягер у Рэчы Паспалітай, які падтрымаў умяшаньне Расейскай імпэрыі. Я думаю, што яны ёсьць, яны цяпер ва ўладзе. Таксама тыя людзі, той жа Гігін. Прадстаўнікі такога асяродзьдзя знаходзяцца сярод тых, хто цяпер падтрымлівае беларускія ўлады. Яны цяпер ва ўладзе. І яны будуць. І ў вольнай Беларусі, напэўна, будзе нейкая прарасейская партыя. Яна будзе зьвяртаць увагу, што вось „мы ж там трыадзіная Русь сьвятая“ ці яшчэ штосьці, нейкія такія міфалягемы свае ствараць».
Аднак Шукеловіч лічыць, што прарасейская частка грамадзтва ня зьнікне аўтаматычна нават пасьля дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
«У вольнай Беларусі будзе прарасейская партыя»
Паводле Шукеловіча, у будучай вольнай Беларусі можа існаваць легальная палітычная сіла, якая будзе арыентавацца на Расею, апэляваць да ідэі «трыадзінай Русі» і станоўча ацэньваць спадчыну Расейскай імпэрыі.
«Яны будуць і ў вольнай Беларусі. Напэўна, будзе нейкая прарасейская партыя, якая будзе зьвяртаць увагу, што вось „мы ж там трыадзіная Русь сьвятая“ ці яшчэ штосьці, нейкія такія міфалягемы свае ствараць, якая будзе апэляваць увесь час да спадчыны Расейскай імпэрыі, якая будзе Кацярыну ІІ услаўляць»
І гэта, паводле яго, рэальнасьць, зь якой будучай Беларусі давядзецца лічыцца.
«Трэба яшчэ будзе падумаць, як з гэтым быць. Але перадусім трэба, канечне, каб нашая беларушчына прынамсі была на такім узроўні, на якім цяпер расейшчына. Прынамсі 50 на 50 было ў Беларусі».
Абарону ад такога ўплыву Шукеловіч бачыць не ў забароне расейскай мовы. На ягоную думку, найперш трэба ліквідаваць цяперашнюю велізарную няроўнасьць паміж расейскай і беларускай мовамі і культурамі.
«Я некалі, калі быў малады, быў юначым максымалізмам, напэўна, заняты, праходзіў такую стадыю. Мне падавалася, што трэба зрабіць Беларусь усю беларускамоўнай. На дадзены момант мне падаецца, што калі мы гэта зробім, то праз шмат-шмат гадоў. Не адразу, ня так проста».
Але цяперашняе становішча, калі беларуская мова і культура застаюцца на пэрыфэрыі грамадзкага жыцьця, Шукеловіч называе ненармальным.
«Так ня можа быць. Гэта першаснае заданьне. Проста каб зьмяніць стаўленьне грамадзтва, каб нейкую атмасфэру ў грамадзтве зьмяніць. Вось гэтую таксычную кіслату зьмяніць нейкай пажыўнай для беларушчыны вадкасьцю».
У поўнай размове на «Канапе» Віктар Шукеловіч таксама расказвае, ці можна адначасова быць беларусам, палякам і літоўцам, чаму беларуская вёска зьнікае разам з унікальнымі гаворкамі і памяцьцю, што яму расказала нашчадак Францішка Багушэвіча пра высылку ў Сібір, што зьвязвае Ашмяншчыну з Барбарай Радзівіл і чаму беларусам, на ягоную думку, трэба наноў адкрываць уласную краіну.
Пра праект «Канапа»
«Канапа» — гэта ўтульныя інтэрвію Дзьмітрыя Гурневіча, дзе госьці разважаюць пра Беларусь і беларускасьць. І проста могуць быць сабой. Глядзіце на YouTube-канале Радыё Свабода.
Форум