Гэты дзень у гісторыі
1523 — у кастрычніку ў Кракаве выйшла з друку лацінская паэма Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра» — хрэстаматыйны твор беларускай літаратуры Адраджэньня.
1636 — у Масачусэтсе, на тэрыторыі сучасных ЗША, заснавалі Гарвардзкі каледж, які ў 1780 годзе атрымаў статус унівэрсытэту. Сёньня Гарвард — найстарэйшы і адзін з найбольш аўтарытэтных унівэрсытэтаў ЗША.
1886 — адбылося афіцыйнае адкрыцьцё статуі Свабоды ў Нью-Ёрку.
1892 — у парыскім музэі Грэвэн Эміль Рэно прадставіў «сьветлавыя пантамімы». Да юбілею гэтай падзеі ў 2002 годзе заснавалі Міжнародны дзень анімацыі.
1918 — абвяшчэньне незалежнасьці Чэхаславаччыны.
1925 — заснаваная Пінская рымска-каталіцкая дыяцэзія ў складзе Віленскай мітраполіі. У 1991 годзе дыяцэзія ўвайшла ў Менска-Магілёўскую мітраполію.
1939 — у Беластоку пачаў працу Народны Сход Заходняй Беларусі. 29 кастрычніка дэпутаты прынялі дэклярацыю аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Сход меў фармальны характар, бо праводзіўся пад поўным кантролем савецкіх уладаў.
1939 — літоўскія войскі ўвайшлі ў Вільню, якая з 19 верасьня была пад савецкай акупацыяй і ў якой кіраўніцтва БССР арганізоўвала часовую адміністрацыю. 10 кастрычніка СССР падпісаў дамову аб перадачы Вільні і часткі Віленскага краю Літве ў абмен на згоду разьмясьціць на літоўскай тэрыторыі савецкія вайсковыя базы. У чэрвені 1940 году СССР акупаваў усю Літву.
У гэты дзень нарадзіліся
1466 або 1469 — Эразм Ратэрдамскі, нідэрляндзкі гуманіст, аўтар кнігі «Пахвала дурасьці».
1845 — Зыгмунт Урублеўскі, навуковец-фізык, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў, за што царскія ўлады саслалі яго ў Сыбір. Па вяртаньні стаў прафэсарам Ягелонскага ўнівэрсытэту ў Кракаве. У 1883 годзе разам з Каралем Альшэўскім упершыню атрымаў вадкі кісларод і азот у колькасьцях, прыдатных для досьледаў.
1884 — Фларыян Ждановіч, адзін з пачынальнікаў беларускага прафэсійнага тэатру, актор і рэжысэр. У 1913 годзе ён паставіў у Радашковічах «Паўлінку» Янкі Купалы, у 1917-м узначаліў Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі, а ў 1920-м стаў першым мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага тэатру (цяпер — Купалаўскі тэатар).
1904 — Іван Сацункевіч, беларускі дзяржаўны дзеяч, эканаміст, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольля і партызанскага руху на Меншчыне падчас Другой сусьветнай вайны.
1904 — Парфён Савіцкі, беларускі гісторык, рэктар БДУ.
1922 — Міхась Даніленка, беларускі пісьменьнік.
1955 — Біл Гейтс, заснавальнік кампутарнай кампаніі Microsoft.
1968 — Іна Афанасьева, сьпявачка.
1972 — Аляксандар Старыкевіч, беларускі журналіст, публіцыст і грамадзкі дзеяч.
1990 — Эдуард Пальчыс, блогер, грамадзкі дзеяч, былы палітвязень.
У памяці
1704 — Джон Лок, ангельскі філёзаф, адзін з галоўных тэарэтыкаў лібэралізму.
1950 — расстраляны Расьціслаў Лапіцкі, кіраўнік моладзевага антысавецкага падпольля. Падчас вучобы ў Мядзельскай школе стварыў патаемную патрыятычную арганізацыю. Пасьля пераезду ў Смаргонь працягнуў дзейнасьць там. У 1950 годзе быў арыштаваны і асуджаны на сьмерць. 22-гадовы хлопец адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні і быў расстраляны 28 кастрычніка 1950 году.
1962 — Апанас Атава, беларускі паэт.
1998 — Тэд Х’юз, ангельскі паэт.
2002 — Леанід Давідзенка, беларускі скульптар, жывапісец, графік і пэдагог. Сярод ягоных твораў — скульптура «Лета» на праспэкце Пераможцаў у Менску, а таксама «Чорная панна» ў Нясьвіжы.