Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі заклікае ўстрымацца ад паездак у шэсьць эўрапейскіх краінаў

Пратэсты ў Альбаніі
Пратэсты ў Альбаніі

МЗС Беларусі рэкамэндуе ўстрымацца ад неабавязковых паездак у Францыю, Бэльгію, Італію, Гішпанію, Партугалію і Альбанію – або перанесьці ці скасаваць іх. Патлумачылі гэта «рэзкім абвастрэньнем унутрыпалітычнай сытуацыі, масавымі акцыямі пратэсту, сутыкненьнямі і затрыманьнямі».

Беларусам, якія ўжо знаходзяцца ў гэтых краінах, рэкамэндуюць пазьбягаць месцаў масавага збору людзей і раёнаў правядзеньня пратэстаў, сачыць за паведамленьнямі мясцовых уладаў і беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў. МЗС таксама папярэдзіла пра магчымыя абмежаваньні ў працы грамадзкага транспарту і сродкаў сувязі.

Што адбываецца ў Эўропе

У нядзелю, 25 кастрычніка, пратэсты працягваюцца ў некалькіх краінах. У Італіі заплянаваныя антываенныя маршы, у Францыі — лякальныя акцыі ў розных гарадах. У Партугаліі раніцай паліцыя разагнала намётавыя лягеры ўдзельнікаў пратэстаў за даступнае жытло.

Напярэдадні, у суботу, масавыя акцыі прайшлі ў Францыі, Італіі, Гішпаніі, Альбаніі і Партугаліі. У розных гарадах людзі пратэставалі супраць росту коштаў і жыльлёвага крызісу, карупцыі, сацыяльнай няроўнасьці і вайсковай палітыкі. У шэрагу месцаў адбыліся сутычкі з паліцыяй.

Францыя. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, у суботу ў акцыях па ўсёй краіне ўдзельнічалі каля 410 тысяч чалавек, зь іх 110 тысяч — у Парыжы. Прафсаюз CGT ацаніў колькасьць удзельнікаў значна вышэй — прыкладна ў 800 тысяч.

Патрабаваньні: больш фінансаваньня адукацыі, дастаткова настаўнікаў, лепшыя ўмовы ў школах, падтрымка студэнтаў, замарожваньне арэнднай платы і меры супраць росту цэнаў. У Парыжы і іншых гарадах адбыліся сутычкі, паліцыя ўжывала сьлезацечны газ, вадамёты і шумавыя гранаты. Паведамляецца амаль пра тысячу затрыманых.

Парыж
Парыж

Італія. У суботу дэманстрацыі прайшлі ў Міляне, Рыме, Турыне, Нэапалі, Балёньні і Флярэнцыі. Сярод тэмаў — рост кошту жыцьця і павелічэньне вайсковых выдаткаў. У Балёньні, Рыме і іншых гарадах былі сутычкі з паліцыяй, сілавікі ўжывалі сьлезацечны газ і вадамёты. Паводле паліцыі, дзевяць чалавек затрымалі, яшчэ 371 чалавека, у тым ліку 110 непаўнагадовых, даставілі ў аддзяленьні для праверкі. На нядзелю ў Рыме заплянавалі новыя антываенныя маршы.

Мілян
Мілян

Гішпанія. У Мадрыдзе ў суботу на марш выйшлі пэнсіянэры, якія патрабавалі абараніць дзяржаўную пэнсійную сыстэму, павялічыць выплаты з улікам інфляцыі і скараціць розьніцу ў пэнсіях паміж мужчынамі і жанчынамі. У Барсэлёне ўначы адбыліся беспарадкі і рабаваньні крамаў. Акцыю прасоўвалі праз сацыяльныя сеткі пад лёзунгамі супраць сыстэмы і на ўзор францускага руху незадаволеных школьнікаў. Паводле ўладаў, затрымалі 128 чалавек, у тым ліку 72 непаўналетніх; 14 паліцыянтаў атрымалі траўмы, чацьвёра зь іх — сур’ёзныя.

Барсэлёна
Барсэлёна

Альбанія. У Тыране працягваюцца антыўрадавыя і студэнцкія пратэсты. Удзельнікі патрабуюць змагацца з карупцыяй, палепшыць сытуацыю ў адукацыі і дамагчыся адстаўкі прэм’ер-міністра Эдзі Рамы. Частка пратэстоўцаў закідвала паліцыю камянямі і іншымі прадметамі, былі падпаленыя аб’екты каля ўрадавых будынкаў, адбыліся сутыкненьні з паліцыяй, якая ўжывала сьлезацечны газ; паведамлялася пра затрыманьні і пацярпелых.

Тырана
Тырана

Партугалія. У суботу ў Лісабоне і Порту прайшлі акцыі супраць жыльлёвага крызісу. Удзельнікі патрабуюць больш даступнага жытла і выступаюць супраць прапанаваных зьменаў, якія могуць палегчыць высяленьне арандатараў і скасаваць абмежаваньні на цэны новых дамоваў арэнды. У нядзелю раніцай паліцыя разагнала намётавыя лягеры ў Лісабоне і Порту. Паводле Reuters, у Лісабоне затрымалі 25 чалавек, у Порту — шасьцёх.

Лісабон
Лісабон

Бэльгія. У суботу, 24 кастрычніка, у Брусэлі сотні пераважна маладых людзей выйшлі на акцыю супраць палітыкі ўраду, скарачэньня выдаткаў і рэформаў у адукацыі. Удзельнікі пратэставалі, сярод іншага, супраць паліцэйскага гвалту і дзеяньняў кааліцыйнага ўраду. Маніфэстацыі завяршыліся бяз значных інцыдэнтаў, адзначана толькі сутыкненьне моладзі з паліцыяй у канцы маршу ў сталічным квартале Сэн-Жыль, дзе быў ужыты сьлезацечны газ.

Брусэль
Брусэль

Рэкамэндацыя беларускага МЗС ахоплівае шэсьць краінаў, але маштаб і характар падзеяў у іх розныя: ад мірных маршаў у Мадрыдзе і Лісабоне да жорсткіх сутыкненьняў у Парыжы, Тыране і Барсэлёне. Пратэсты ў розных краінах аб’яднала не адно патрабаваньне, а шырэйшае незадавальненьне коштам жыцьця і дзеяньнямі ўладаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG