Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суседзі Беларусі перавялі гадзіньнікі. Чаму Беларусь засталася на летнім часе?

Гадзньнік з "Пагоняй!
Гадзньнік з "Пагоняй!

У ноч з суботы на нядзелю, 25 кастрычніка, большасьць краінаў Эўропы перайшла на зімовы час. Гадзіньнікі перавялі ў Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне. Беларусь, як і Расея, жыве без сэзоннага пераводу часу.

Хто пераводзіць гадзіньнікі, а хто — не

Сэзонны перавод часу захоўваецца ў больш чым 70 краінах і тэрыторыях сьвету. У Эўропе яго выкарыстоўваюць краіны Эўразьвязу, Вялікая Брытанія, Нарвэгія і Швайцарыя. У ЗША гадзіньнікі сёлета перавядуць 1 лістапада, але некаторыя штаты ня ўдзельнічаюць у гэтай практыцы.

Без сэзоннага пераводу жывуць, напрыклад, Беларусь, Расея, Ісьляндыя, Кітай, Японія, Індыя і большасьць краінаў Афрыкі. У рэгіёнах каля экватару працягласьць дня цягам году зьмяняецца мала, таму перасоўваць час там няма сэнсу.

Ці сапраўды перавод гадзіньнікаў эканоміць грошы

Першапачатковая ідэя была простая: перанесьці гадзіну сьвятла з раньняй раніцы на вечар, каб менш карыстацца штучным асьвятленьнем. Падчас Першай сусьветнай вайны летні час уводзілі, каб эканоміць паліва. Да гэтай практыкі многія краіны вярнуліся ў 1970-я, на тле энэргетычнага крызісу.

Але сучасныя дасьледаваньні не паказваюць, што сэзонны перавод дае істотную эканомію. Меншае спажываньне электраэнэргіі на асьвятленьне можа кампэнсавацца дадатковымі выдаткамі на ацяпленьне або кандыцыянэры. Вынік залежыць ад клімату, звычак людзей і структуры спажываньня энэргіі.

І хоць нельга сказаць, што перавод часу не дае эканамічнага эфэкту, але ягоная карысьць значна менш відавочная, чым меркавалі раней.

Чаму ад гэтай практыкі не адмовяцца

Летні час дае больш сьвятла ўвечары — гэта зручна для адпачынку, гандлю і іншых заняткаў па-за домам. Але вясновы перавод парушае звыклы рэжым сну, а пасьля восеньскага пераводу цямнее раней. У 2018 годзе большасьць удзельнікаў апытаньня Эўракамісіі падтрымала скасаваньне сэзоннага пераводу. У 2019-м Эўрапарлямэнт таксама выступіў за адмову ад яго. Аднак краіны Эўразьвязу не дамовіліся, які час пакінуць пастаянным — летні ці стандартны. Розныя рашэньні маглі б ускладніць транспартныя расклады, працу бізнэсу і трансгранічныя сувязі. Таму старая сыстэма пакуль захоўваецца.

Чаму зімовы час больш натуральны для чалавека

Арганізм чалавека арыентуецца на сонечнае сьвятло: яно дапамагае прачынацца раніцай і засынаць увечары. Узімку пры пастаянным летнім часе сонца ўзыходзіць пазьней паводле гадзіньніка, таму людзям часьцей даводзіцца ўставаць у цемры. Гэта можа парушаць сон і стамляць. Таму навукоўцы лічаць стандартны, або зімовы, час больш натуральным для чалавека: ён лепш стасуецца з сонечным днём і ўнутраным гадзіньнікам арганізма.

Чаму Беларусь засталася на летнім часе

У верасьні 2011 году Беларусь скасавала сэзонны перавод гадзіньнікаў і засталася на UTC+3 — часе, які раней дзейнічаў у летні пэрыяд. У пастанове Савету міністраў № 1229 ад 15 верасьня 2011 году рашэньне тлумачылася неабходнасьцю поўнага выкарыстаньня сьветлай часткі сутак, паляпшэньня ўмоваў працы і адпачынку, а таксама ўзгадненьня часу з краінамі — удзельніцамі Мытнага зьвязу.

Аднак у той момант Мытны зьвяз складаўся з трох краінаў: Беларусі, Расеі і Казахстану. Расея ў 2011 годзе таксама скасавала сэзонны перавод і пакінула летні час на ўвесь год. Казахстан жа адмовіўся ад пераводу яшчэ ў 2005 годзе. Такім чынам, адзінай мадэлі часу ў трох краінаў не было.

Мытны зьвяз стаў афіцыйным аргумэнтам, але Менск найперш хацеў не павялічваць зімовую розьніцу з Масквой. Сёньня Беларусь і Масква жывуць паводле аднаго часу — UTC+3.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG