Ілан Маск заявіў, што Ўкраіна выкарыстоўвала Starlink для ўдараў дронамі, хоць гэта, паводле яго, забаронена правіламі сэрвісу. Ён настойвае: Starlink — цывільная камэрцыйная сыстэма сувязі, а не інструмэнт для наступальных атакаў і забойства людзей. Таму, кажа Маск, такую магчымасьць абмежавалі.
Ён таксама нагадаў, што вайсковая сыстэма Starshield — асобная рэч, яна пад кантролем ураду ЗША. А сам Starlink, паводле Маска, мае вырашальнае значэньне для абароны Ўкраіны: калі яго адключыць, украінскі фронт можа абрынуцца. Бізнэсовец дадаў, што SpaceX зрабіла для Ўкраіны больш, чым любая іншая прыватная кампанія.
Але ва Ўкраіне з аргумэнтамі Маска не пагаджаюцца. Там тлумачаць, што звычайны Starlink мае абмежаваньні на хуткасьць руху тэрміналаў, а на тэрыторыі Расеі ўвогуле не працуе. Таму выкарыстоўваць яго для далёкіх удараў дронамі, як сьцьвярджае Маск, тэхнічна немагчыма.
Тым часам абмежаваньні сувязі сапраўды стварылі праблемы ўкраінскім вайскоўцам: дроны-перахопнікі і ўдарныя дроны пачалі губляць сувязь у палёце.
22 кастрычніка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што SpaceX аднавіла паўнавартасную працу Starlink для Ўкраіны. 24 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі таксама пацьвердзіў аднаўленьне сувязі.
- Пры гэтым абставіны ўзьнікненьня абмежаваньняў і роля амэрыканскай адміністрацыі ў гэтым рашэньні застаюцца прадметам спрэчак. Трамп адмаўляе, што такое распараджэньне аддаваў Белы Дом.
Весткі пра абмежаваньні ў працы Starlink зьявіліся пасьля заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра дамоўленасьць з расейскім лідэрам Уладзімірам Пуціным часова зьняць санкцыі з расейскага дызэльнага паліва, што дазволіць яму паступіць на сусьветны рынак, а таксама патрабаваньняў Трампа да Ўкраіны спыніць удары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах.
Форум