Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Вітаўта Вялікага

Князь Вітаўт
Князь Вітаўт

Падзеі 27 кастрычніка ў Беларусі, сьвеце і гісторыі.

Гэты дзень у гісторыі

1806 — пасьля перамогі пры Ене і Аўэрштаце Напалеон увайшоў у Бэрлін.

Мэмарыял забітым салдатам арміі Напалеона ў Беларусі, каля Беразіны
Мэмарыял забітым салдатам арміі Напалеона ў Беларусі, каля Беразіны

1873 — амэрыканец Джозэф Глідэн падаў заяўку на патэнт калючага дроту.

1919 — у Слуцку выйшаў першы і перадапошні нумар газэты «Наша каляіна», органа арганізацыі «Папараць-кветка». Выданьне вітаў Янка Купала артыкулам «Моладзь ідзе»:

«Адбудаваньне незалежнасьці Беларускай дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь. Чэсьць і слава табе, беларуская моладзь. Паўстаючая з-пад беларускай саломеннай страхі! Ты сама сваімі рукамі адбудуеш сабе і сваім патомкам лепшую і сьвятлейшую будучыню. Набок з дарогі, панове і гаспадар з Захаду і Ўсходу! Беларуская моладзь ідзе!»

Янка Купала, 1919 год
Янка Купала, 1919 год

1922 — у Італіі фашысцкія атрады пачалі захопліваць адміністрацыйныя ўстановы і рушылі на Рым, што прывяло да прызначэньня на пасаду прэм’ер-міністра лідэра фашыстаў Бэніта Мусаліні.

1937 — у карэльскім урочышчы Сандармох пачаліся масавыя расстрэлы вязьняў Салавецкай турмы. Да 4 лістапада расстралялі 1111 чалавек. Сярод ахвяраў былі беларускія і ўкраінскія навукоўцы, пісьменьнікі, сьвятары, дзяржаўныя і грамадзкія дзеячы. Месца масавых пахаваньняў было выяўленае толькі ў 1997 годзе.

1962 — дзень, калі сьвет быў найбліжэй да глябальнай ядзернай вайны. У часе карыбскага крызісу савецкая ракета зьбіла над Кубай выведны самалёт ЗША, пілёт загінуў. У той самы дзень амэрыканскія караблі прымусілі ўсплыць савецкую падлодку Б-59, на борце якой была ядзерная тарпэда.

Труну зь целам маёра Рудалфа Андэрсана, зьбітага над Кубай, грузяць на борт швайцарскага самалёта ў аэрапорце Гаваны
Труну зь целам маёра Рудалфа Андэрсана, зьбітага над Кубай, грузяць на борт швайцарскага самалёта ў аэрапорце Гаваны

1991 — Туркмэністан абвясьціў пра сваю незалежнасьць. Рэспубліка перадапошняй выйшла з СССР.

У гэты дзень нарадзіліся

1728 — Джэймз Кук, брытанскі першаадкрывальнік. Ён узначаліў тры вялікія экспэдыцыі, дасьледаваў Новую Зэляндыю, нанёс на мапы ўсходняе ўзьбярэжжа Аўстраліі і некалькі астравоў Ціхага акіяну. Загінуў у 1779 годзе на Гаваях у сутычцы з тамтэйшымі жыхарамі.

1782 — Нікалё Паганіні, італьянскі скрыпач-віртуоз і кампазытар.

1839 — Іцхак Якаў Рэйнэс, ідэоляг сіянізму і перасяленьня габрэяў у Ізраіль, ураджэнец Караліну (цяпер у межах Пінску).

1875 — Леў Клейнбарт, публіцыст, літаратурны крытык і дасьледнік беларускай літаратуры, першы біёграф Янкі Купалы.

1890 — Віктар Шутовіч, беларускі каталіцкі сьвятар, публіцыст. Служыў пробашчам на Браслаўшчыне. За беларускамоўныя казаньні яго перасьледавалі польскія ўлады. А ў 1945-м яго на 10 гадоў адправіла ў лягер савецкая ўлада.

Віктар Шутовіч
Віктар Шутовіч

1892 — Салямон Юдовін, беларускі габрэйскі мастак-графік, фатограф і дасьледнік народнай культуры, вучань Юдэля Пэна.

1906 — Пітэр Блюм, амэрыканскі мастак родам з Смаргоні, прадстаўнік мадэрнізму і сюррэалізму.

1911 — Мікола Лобан, беларускі пісьменьнік і мовазнаўца.

1952 — Фрэнсіс Фукуяма, амэрыканскі філёзаф і палітоляг, аўтар працы «Канец гісторыі і апошні чалавек».

Фрэнсіс Фукуяма
Фрэнсіс Фукуяма

У памяці

1430 — Вітаўт, вялікі князь літоўскі, пры якім ВКЛ стала найбольшай у Эўропе дзяржавай — ад Балтыкі да Чорнага мора.

1505 — Іван III, вялікі князь маскоўскі. Ён вёў працяглыя войны зь Вялікім Княствам Літоўскім, у выніку якіх Масква захапіла значныя тэрыторыі на ўсходзе ВКЛ.

1553 — Мігель Сэрвэт, гішпанскі мысьляр і лекар, абвінавачаны ў ерасі і спалены на вогнішчы.

1907 — Зыгмунт Чаховіч, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў, паплечнік Кастуся Каліноўскага. Пасьля арышту ў 1863 годзе быў асуджаны на катаргу і сасланы ў Сыбір. Вярнуўшыся, жыў у маёнтку Малыя Бесяды на Лагойшчыне, дзе сабраў вялікую бібліятэку. З Чаховічам быў знаёмы малады Янка Купала, на сьветапогляд якога паўплывалі размовы з былым паўстанцам.


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG