Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец эпохі. «Літаратура і мастацтва» перастане быць асобнай газэтай

Артыкул «Курапаты — дарога сьмерці» на старонках «ЛіМа», 1988 год
Артыкул «Курапаты — дарога сьмерці» на старонках «ЛіМа», 1988 год

Газэта выходзіла амаль 94 гады зь перапынкам толькі на гады Вялікай айчыннай вайны.

З 2027 году «Літаратура і мастацтва» стане дадаткам да газэты «Звязда». Так пазначана ў падпісным каталёгу на 1-е паўгодзьдзе 2027 году. Асобнай падпіскі на «ЛіМ» больш ня будзе.

Таксама толькі два разы замест шасьці выйдуць літаратурныя часопісы «Полымя» (103 гады), «Нёман» (81 год) і «Маладосць» (73 гады выданьня).

Першы нумар «Літаратуры і мастацтва» выйшаў 26 лютага 1932 году. З таго часу газэта выходзіла штопятніцы, а ў 1957–1970 гадах — нават двойчы на тыдзень. Пасьля перапынку на гады нямецкай акупацыі аднавіла выхад у красавіку 1945 году.

Першы галоўны рэдактар Хацкель Дунец трапіў пад рэпрэсіі і быў расстраляны разам зь іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі 29 кастрычніка 1937 году. Пасьля вайны выданьне ўзначаліў Аркадзь Куляшоў. Сярод ягоных наступнікаў былі Васіль Вітка, Алесь Жук, Анатоль Вярцінскі, Мікола Гіль, Уладзімер Някляеў, Алесь Пісьмянкоў, Віктар Шніп і іншыя знаныя творцы.

Пры канцы 1980-х «Літаратура і мастацтва» ўздымала тэму нацыянальнага адраджэньня, гістарычнай праўды і дэмакратыі.

3 чэрвеня 1988 году на ейных старонках выйшаў артыкул «Курапаты — дарога сьмерці», напісаны Зянонам Пазьняком і Яўгенам Шмыгалёвым з прадмовай Васіля Быкава. Так упершыню людзі даведаліся пра месца масавых расстрэлаў побач з сталіцай.

З 2002 году дзяржава ўзяла рэдакцыйную палітыку «ЛіМа» пад свой кантроль.

З 2020 году Беларускі ПЭН зафіксаваў рэпрэсіі супраць больш як 2300 дзеячаў культуры. Афіцыйныя выданьні перасталі друкаваць «нядобранадзейных» з гледжаньня ўлады творцаў.

Скарацілася сетка газэтных шапікаў. Наклад літаратурных выданьняў упаў да некалькіх соцень асобнікаў. Сёлета перастаў існаваць Белсаюздрук — яго далучылі да Белпошты.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG