Новыя патрабаваньні апублікаваныя на старонцы pravo.by.
У сьпісе 22 графы, у якія ўпісаныя патрабаваньні. Сярод іх:
- захаваньне пры правядзеньні экскурсій абмежаваньняў, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, наяўнасьць пры сабе ў час правядзеньня экскурсіі пазнакі экскурсавода, гіда-перакладніка або яго дублікату.
- праява павагі да дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь, гісторыі разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці, культурных і духоўных традыцый Рэспублікі Беларусь і захаваньня яе гісторыка-культурнай спадчыны, удзел у захаваньні гістарычнай памяці і нацыянальных каштоўнасьцяў;
- валоданьне аб’ёмам ведаў і прафэсійных навыкаў, патрэбных для правядзеньня экскурсій на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, уключна зь ведамі па гісторыі, этнаграфіі, культуры, эканоміцы, прыродна-геаграфічных асаблівасьцях, унутранай і вонкавай палітыцы Рэспублікі Беларусь, актуалізацыя атрыманых ведаў для працы над своечасовым абнаўленьнем індывідуальных тэкстаў экскурсій, турыстаў, экскурсантаў;
- спрыяньне ўмацаваньню станоўчага міжнароднага рэнамэ краіны, прызнаньню ўнікальнасьці беларускай мадэлі грамадзкага разьвіцьця;
- забесьпячэньне беражлівых адносін турыстаў, экскурсантаў да навакольнага асяродзьдзя, прыняцьце захадаў у недапушчэньні прычыненьня імі шкоды турыстычным рэсурсам і інш.
Таксама дакумэнт устанавіў канкрэтную форму квітанцыі на экскурсійныя паслугі.
Што гэта значыць?
Улады ў Беларусі ўжо некалькі гадоў актыўна ўмешваюцца ў працу экскурсаводаў. Улетку 2025 году ўрад выдаў зьмены ў пастанове «Аб устанаўленьні прафэсійных і этычных патрабаваньняў да экскурсаводаў і гідаў-перакладнікаў».
Якраз у той пастанове і былі ўпершыню агавораныя некаторыя зь цяперашніх пунктаў. А пачалася кампанія яшчэ ў 2023 годзе з пастановы Міністэрства спорту і турызму.
У папярэднія гады падобнага інстытуцыйнага назіраньня за працай экскурсаводаў не было, аднак у іх маглі праверыць дакумэнты, а ў турыстычных аўтобусах усталёўвалі камэры, каб можна было праверыць, што расказвае экскурсавод.
Акрамя таго, у Беларусі былі выпадкі, калі перапісваліся тэксты экскурсій, а шэраг скасаваных вечарынаў у музэях ідзе на дзясяткі.
Форум