Гэты дзень у гісторыі
1648 — у Нямеччыне быў канчаткова падпісаны Вэстфальскі мір, які паклаў канец Трыццацігадовай вайне, у якой удзельнічалі амаль усе эўрапейскія дзяржавы.
1780 — ураджэнец Гарадзеншчыны Марцін Пачобут-Адляніцкі, выбітны астраном і матэматык, прызначаны рэктарам Віленскай акадэміі. Яму даручылі рэарганізаваць яе ў Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага. Пад ягоным кіраўніцтвам Віленская абсэрваторыя атрымала найноўшае абсталяваньне і стала адным з знакамітых навуковых цэнтраў Эўропы.
1795 — Рэч Паспалітая спыніла існаваньне. У Санкт-Пецярбургу ўпаўнаважаныя Аўстрыі, Прусіі і Расеі падпісалі канвэнцыю аб трэцім падзеле супольнай дзяржавы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Большая частка беларускіх земляў апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, а Беласточчына адышла да Прусіі.
1857 — у Англіі заснаваны найстарэйшы ў сьвеце футбольны клюб, што існуе дагэтуль — «Шэфілд».
1893 — Яўхім Карскі ў Кіеўскім унівэрсытэце абараніў магістарскую дысэртацыю, прысьвечаную гукавой сыстэме, граматычным формам і гістарычнаму разьвіцьцю беларускай мовы. У аснову дысэртацыі ляглі ягоныя працы «Агляд гукаў і формаў беларускай гаворкі» і «Да гісторыі гукаў і формаў беларускай гаворкі». Гэта была першая ў гісторыі дысэртацыя, прысьвечаная беларускай мове. Карскі стаў адным з заснавальнікаў беларусазнаўства і аўтарам фундамэнтальнай працы «Беларусы».
1929 — «Чорны чацьвер», пачатак краху на Нью-Ёрскай фондавай біржы, які прывёў да «вялікай дэпрэсіі».
1945 — набыў моц Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта стала афіцыйнай датай стварэньня ААН, якую заснавала 51 дзяржава, у тым ліку Беларуская ССР.
1946 — Зямлю ўпершыню сфатаграфавалі з космасу. Амэрыканскія навукоўцы запусьцілі трафэйную нямецкую балістычную ракету V-2 з прымацаванай да яе камэрай, якая зрабіла здымкі з вышыні 105 кілямэтраў. Да запуску першага спадарожніка Зямлі заставалася 11 гадоў.
1960 — на касмадроме Байканур падчас падрыхтоўкі да выпрабавальнага запуску міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты Р-16 адбыўся выбух і пажар. Загінулі больш за 70 чалавек, у тым ліку галоўнакамандуючы Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня маршал Мітрафан Нядзелін. Савецкія ўлады засакрэцілі катастрофу.
1999 — у Якушоўцы на Горадзеншчыне, дзе стаяла сядзіба сям’і Каліноўскіх, адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага крыжа ў гонар Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 году.
2003 — адбыўся апошні рэгулярны рэйс самалёта Concorde — зь Нью-Ёрку ў Лёндан. Concorde перавозіў пасажыраў з 1976 году, разганяўся да больш як 2100 км/г і пералятаў акіян за 3,5 гадзіны. Аднак дарагоўля, катастрофа 2000 году і зьмяншэньне попыту прывялі да канца эпохі звышгукавой пасажырскай авіяцыі.
2013 — на аўкцыёне ў Бостане жонка Лі Гарві Освальда Марына выставіла заручальны пярсьцёнак мужа, набыты ў Менску ў 1961 годзе. Раніцай 22 лістапада 1963 году, у дзень забойства прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі, Освальд пакінуў пярсьцёнак дома. Пярсьцёнак набыў невядомы пакупнік за крыху больш як 100 тысяч даляраў.
2020 — у Менску прайшоў «Горды жаночы марш прафэсій».
У гэты дзень нарадзіліся
1743 — Рафал Чарвякоўскі, ураджэнец Піншчыны, лекар, анатом і хірург, адзін з заснавальнікаў навуковай хірургіі ў Рэчы Паспалітай. У Кракаве ён адкрыў першую ў краіне ўнівэрсытэцкую катэдру хірургіі. Падчас паўстаньня Касьцюшкі дапамагаў параненым. Цікава, што ягоная праца «Практычная хірургія» пабачыла сьвет толькі больш як праз паўтара стагодзьдзя пасьля напісаньня — ў 1969 годзе.
1901 — Яніна Глебаўская, народная артыстка БССР, працавала ў Коласаўскім тэатры ў Віцебску.
1928 — Адам Супрун, беларускі мовазнаўца, доктар філялягічных і пэдагагічных навук, прафэсар, заслужаны дзеяч навукі, стваральнік катэдры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства ў БДУ.
У памяці
1601 — Тыха Брагэ, адзін зь першых эўрапейскіх астраномаў.
1809 — Францішак Бялінскі, генэрал-маёр кароннага войска, вялікі каронны пісар, асьветнік, пэдагог, прыхільнік усеагульнай адукацыі. Удзельнічаў у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі 1794 году.
1953 — Лявон Рыдлеўскі, вайсковы і грамадзка-палітычны дзяяч, удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 году і антысавецкага партызанскага руху на Палесьсі.
1994 — Анатоль Вялюгін, беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1969), ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за паэму «Вецер з Волгі», Дзяржаўнай прэміі БССР (1968) за кінасцэнар «Генэрал Пушча».
Многія паэтычныя творы Анатоля Вялюгіна перакладзеныя на расейскую, украінскую, баўгарскую і іншыя мовы. Некаторыя ягоныя вершы, пакладзеныя на музыку кампазытарам Ігарам Лучанком, сталі шырока вядомымі песьнямі («Бярозка», «Закасі мае вёсны», «Сын зямлі на віхурнай арбіце»).
«Сьнягі і зоры за акном.
Заснулі ў хаце ўсе даўно.
Бярозка юная гальлём
Паціху стукае ў акно.
А ты плывеш у белы сьвет…
Сінее плынь тваіх вачэй…
І найдалейшая з плянэт
Сяла суседняга бліжэй».
2005 — Роза Паркс, амэрыканская грамадзкая дзяячка, адна з пачынальніц руху за правы афраамэрыканцаў. 1 сьнежня 1955 году ў горадзе Мантгомэры, штат Алабама, яна адмовілася саступіць месца ў аўтобусе беламу пасажыру насуперак расісцкім правілам сэгрэгацыі. Яе арыштавалі, што выклікала масавы байкот гарадзкіх аўтобусаў, які доўжыўся 381 дзень.