Узнагароду Юлі Цімафеевай уручыла кіраўніца аддзелу культуры Гайдэльбэргу доктар Андрэа Эдэль, піша Reform.
У афіцыйным абгрунтаваньні журы вылучыла паэтычны зборнік Цімафеевай «Кровазварот», апублікаваны ў выдавецтве edition.fotoTAPETA ў 2025 годзе:
«Беларуская паэтка і перакладніца Юля Цімафеева ператварае ўласны досьвед і жыцьцё ў выгнаньні ў імпульс для бліскучага мастацкага асэнсаваньня. Праз тонка вытканую тканіну вобразаў яна рэфлексуе над успамінамі пра дом, уцёкі, чужыну і пошук новага прытулку. Аўтарка вяртаецца да драматычных старонак крывавага XX стагодзьдзя — ад чорнага ценю Чарнобыля да нацысцкіх працоўных лягераў, дзе былі зняволеныя яе родныя…».
Аўтарка ляўдацыі, паэтка і эсэістка Ўльяна Вольф, назвала Юлю Цімафееву «архіварыюсам і мастачкай памяці», падкрэсьліўшы яе бяспрэчную назіральнасьць, адсутнасьць сьлізгаценьня ў сэнтымэнтальнасьць і вытанчаную іронію пры пошуку мовы для канструкцыі «эмігранцкага канструктара».
Хто такая Юля Цімафеева
Юля Цімафеева нарадзілася ў 1982 годзе ў Брагіне. Яна аўтарка 5 паэтычных зборнікаў на беларускай мове. Яе кнігі перакладзеныя на нямецкую, нідэрляндзкую, польскую, швэдзкую мовы і выдадзеныя ў ЗША. У нямецкім выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшлі яе кнігі «Цырк» (2019), «Мінск. Дзённік» (2021), «Камень страху» (2022) і «Кровазварот» (2025, у перакладзе Ціны Вюншман). У 2025 годзе таксама пабачыў сьвет зборнік каляжаў і вершаў «Я разразаю гісторыю» (Ich zerschneide die Geschichte).
Пра прэмію
Прэмію «Літаратура ў выгнаньні» заснаваў горад Гайдэльбэрг у 1992 годзе да 80-годзьдзя паэткі Гільдэ Домін, якая і стала першай ляўрэаткай. Пасьля яе сьмерці ў 2006 годзе ўзнагарода носіць яе імя. Гэта адна з найбольш значных нямецкіх літаратурных прэмій, якая падтрымлівае галасы пісьменьнікаў-эмігрантаў.
У розныя гады ляўрэатамі ўзнагароды прызнавалі такіх аўтараў, як Бахтыяр Алі, Наташа Водзін, Эдгар Гільзэнрат, Абас Хідэр і іншыя.
Форум