Пра гэта паведаміў МЗС Беларусі і сайт славацкага прэзыдэнта.
Аляксандар Лукашэнка прызначыў Ігара Фісенку амбасадарам у Славаччыне сёлета 3 сакавіка — празь пяць гадоў пасьля адстаўкі з гэтай пасады Ігара Ляшчэні, які ў 2020-м падтрымаў патрабаваньне новых свабодных выбараў у Беларусі. Увосень 2023 году Беларусь закрыла амбасаду ў Славаччыне.
Ігар Фісенка скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. У МЗС Беларусі — з 1994 году. Працаваў у амбасадзе ў Бэльгіі, быў сталым прадстаўніком пры ЭЗ і NATO. Пазьней ачольваў дыпляматычныя місіі ў Эгіпце (і па сумяшчэньні ў Амане, Судане і Альжыры). З 2019 году быў паслом ў Францыі (па сумяшчэньні — у Манака, Партугаліі) і прадстаўніком пры UNESCO ў Парыжы. У 2021 годзе застаўся толькі на апошняй пасадзе.
Пра аднаўленьне дзейнасьці амбасады Беларусі ў Славаччыне стала вядома ў лістападзе 2025 году. Плянавалася, што яна адкрыецца да 1 верасьня 2026 году. Зь вясны Фісенка ўжо жыў у Браціславе.
Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца сустракаўся з Лукашэнкам летась у верасьні ў Пэкіне. Візыт Фіца ў Беларусь так і не адбыўся.
Чаму гэта важна
Да восені 2023 году Славаччына была пасьлядоўным крытыкам рэжыму ў Менску. Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэдняй славацкай прэзыдэнткай Зузанай Чапутавай (кадэнцыя якой завяршылася 15 чэрвеня 2024 году) і міністрамі. Аднак у 2023-м на парлямэнцкіх выбарах перамаглі левацэнтрысты на чале зь Фіцам, які чацьвёрты раз стаў прэмʼер-міністрам краіны.
У траўні 2025 году Браціслава прызначыла паслом у Беларусі Ёзафа Мігаша, які займаў гэтую пасаду і да 2020 году. У верасьні 2025 году ён уручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку.
Славаччына і Вугоршчына — адзіныя краіны Эўразьвязу, прадстаўленыя ў Беларусі на ўзроўні амбасадараў. Іншыя дзяржавы ЭЗ пасьля падзеяў 2020 году абмежавалі дыпляматычную прысутнасьць да ўзроўню павераных.
Форум