Дзень у гісторыі
1805 — брытанскі флёт пад камандаваньнем віцэ-адмірала Гарацыё Нэльсана здабыў перамогу над аб’яднанымі флётамі Францыі і Гішпаніі ў бітве пад Трафальгарам. У бітве загінуў сам Нэльсан, але перамога перавагу Вялікай Брытаніі на моры.
1917 — у Петраградзе выйшаў першы нумар беларускай газэты «Крыніца», — органа Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (8 кастрычніка паводле старога стылю). Зь вясны 1919 году выходзіла ў Вільні. У 1925–1937 гадах называлася «Беларуская Крыніца». Зь перапынкамі выдавалася да ліпеня 1940 году.
1919 — у акупаваным палякамі Менску пачала выходзіць беларускамоўная штодзённая газэта «Беларусь». Ейнай першай рэдактаркай была Ядвіга Луцэвіч, пазьней рэдакцыю ўзначаліў Язэп Лёсік. Праіснавала да ліпеня 1920 году.
1926 — у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны габрэйскі тэатар.
1935 — нацысцкая Нямеччына афіцыйна выйшла са складу Лігі Нацыяў.
1941 — нацысты зьнішчылі гета ў Койданаве — забілі каля 2000 чалавек.
1943 — пачалася ліквідацыя Менскага гета, якое існавала ад 20 ліпеня 1941 году. З больш як 100 тысяч ягоных насельнікаў каля 80 тысяч былі ўжо забітыя да гэтага дня.
1944 — адбылася першая атака японскага камікадзэ на аўстралійскі крэйсэр каля ўзьбярэжжа Філіпінскіх астравоў. Загінулі 30 маракоў.
1945 — жанчыны ў Францыі ўпершыню пайшлі галасаваць.
У гэты дзень нарадзіліся
1833 — Альфрэд Нобэль, швэдзкі хімік і інжынэр, вынаходнік дынаміту, фундатар Нобэлеўскай прэміі.
1877 — Якаў Афанасьеў, беларускі навуковец-землязнаўца, акадэмік. Пад ягоным кіраўніцтвам склалі першую мапу глебаў Беларусі. 20 сьнежня 1937 году яго расстралялі ў Менску за «контрарэвалюцыйную дзейнасьць» разам зь яшчэ больш як дзьвюма сотнямі прадстаўнікоў інтэрлігенцыі.
1878 — Уладзімер Пічэта, беларускі гісторык, першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Вывучаў гісторыю Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Чэхіі, Сэрбіі, Баўгарыі, Расеі XVI–XX стагодзьдзяў. Апублікаваў каля 150 працаў па гісторыі, гістарыяграфіі, археалёгіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. У 1930 годзе быў арыштаваны ў справе так званага Саюзу вызваленьня Беларусі і сасланы на 5 гадоў у Вятку і Варонеж. Па вызваленьні вярнуўся да навуковай працы, але ўжо ў Маскве.
1914 — Казімер Сьвёнтак, мітрапаліт Менска-Магілёўскі, першы кардынал сучаснай Беларусі. У савецкі час правёў каля дзесяці гадоў у лягерах за сьвятарскую дзейнасьць.
1921 — Іван Муравейка, паэт.
1929 — Урсула Ле Гуін, амэрыканская пісьменьніца, вядомая творамі ў жанры навуковай фантастыкі і фэнтэзі.
1935 — Юрка Геніюш, беларускі аўтар і доктар, сын Ларысы і Янкі Геніюшаў.
1938 — Іосіф Навумчык, грамадзкі і палітычны дзяяч, старшыня ТБМ у Віцебску.
1957 — Анатоль Кляшчук, фотамастак.
1958 — Максім Клімковіч, беларускі пісьменьнік і драматург.
У памяці
1931 — Артур Шніцлер, аўстрыйскі пісьменьнік.
1969 — Джэк Керуак, амэрыканскі пісьменьнік.
1984 — Франсуа Труфо, францускі кінарэжысэр.