Дата дня
20 кастрычніка 2004 году забілі беларускую журналістку недзяржаўнай газэты «Салідарнасьць» Вераніку Чаркасаву.
Вераніку Чаркасаву знайшлі забітай у яе кватэры ў Менску. Ніякія матэрыяльныя каштоўнасьці зь кватэры ня зьніклі — знайшліся, аднак, сьляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі.
Асноўнай вэрсіяй было вызначана забойства на бытавой глебе. Адзінымі падазраванымі, якіх дапытваў крымінальны вышук, былі члены сям’і Чаркасавай, якія знайшлі цела — сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімер Мялешка. Пазьней падазрэньні зь іх зьнялі. Забойцу Веранікі Чаркасавай так і не знайшлі.
У выніку журналісцкага расьсьледаваньня, праведзенага калегамі Чаркасавай, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі ўчыніў прафэсійны кілер, які інсцэнаваў забойства на бытавой глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць інфармацыя, якую зьбірала Вераніка пра «Інфабанк», абвінавачаны ў адмываньні грошай для продажу зброі Іраку. Гэтую ж вэрсію разглядае ў сваім фільме і кінадакумэнталіст Леанід Міндлін.
Дзень у гісторыі
1506 — на княжаньне ў ВКЛ абралі Жыгімонта І Старога, у сьнежні яго таксама абяруць каралём Польшчы.
1655 — ВКЛ і Швэцыя заключылі Кейданскую унію, ініцыятарам якой была група паноў і шляхты з Жамойці. На той час значная частка ВКЛ, уключна зь Вільняй, была акупаваная маскоўскім войскам. Пагадненьне прадугледжвала разрыў дзяржаўнай уніі з Польшчай і прызнаньне швэдзкага караля Карла Х Густава вялікім князем літоўскім. Аднак Карл Х Густаў нават не зацьвердзіў Кейданскай уніі, а швэдзкія войскі паводзіліся на занятых землях як акупанты. Увесну 1656 году ў ВКЛ пачалося паўстаньне супраць швэдаў. ВКЛ захавала дзяржаўную сувязь з Польшчай у складзе Рэчы Паспалітай.
1920 — на беларускай канфэрэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага стварылі блёк беларускіх партыяў для барацьбы супраць савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. Канфэрэнцыя праходзіла на тле савецка-польскіх мірных перамоваў, што вяліся без удзелу беларускіх прадстаўнікоў.
1941 — нацысты пачалі ліквідацыю барысаўскага гета. 20–21 кастрычніка на ўскраіне гораду расстралялі больш за 7 тысяч чалавек.
1947 — адкрыўся Горадзенскі абласны драматычны тэатар.
1992 — у італьянскай Падуі адкрытая дошка Скарыны. У 1512 годзе беларускі першадрукар атрымаў там ступень доктара мэдыцыны.
2011 — паўстанцы схапілі і забілі Муамара Кадафі, які кіраваў Лібіяй больш за 42 гады.
2020 — заснаваная ініцыятыва ByPol.
У гэты дзень нарадзіліся
1677 — Станіслаў Ляшчынскі, вялікі князь літоўскі, кароль Рэчы Паспалітай.
1733 — Адам Станіслаў Нарушэвіч, польскі гісторык, паэт, перакладчык. Нарадзіўся на Піншчыне. Выкладаў у Віленскай акадэміі, Варшаўскім езуіцкім калегіюме, рыцарскай школе ў Варшаве. З 1781 году — пісар вялікі ВКЛ і сакратар Сталай Рады.
1836 — Зыгмунд Сьвянціцкі, беларускі лекар, адзін з заснавальнікаў поласьцевай хірургіі ў Беларусі.
1854 — Арцюр Рэмбо, францускі паэт, адзін з папярэднікаў сымбалізму.
Салдат-юнак, астрыжаны, бяз каскі,
у крапіве, калючай і сухой,
на дне лагчыны сьпіць, і, поўны ласкі,
ягоны твар ахутаны смугой.
(Пераклад Мікалая Федзюковіча)
1859 — Антон Брадоўскі, музэйнік. Ягоная калекцыя стала асновай віцебскага гісторыка-археалягічнага музэю.
1885 — Алесь Бурбіс, дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнік рэвалюцыі 1905 г. Адзін з заснавальнікаў беларускага прафэсійнага тэатру.
1892 — Янка Тарасевіч, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч у эміграцыі, пісьменьнік і публіцыст.
1906 — Кастусь Быліч, беларускі актор, заслужаны артыст БССР (1935), актор трупы Ўладзіслава Галубка.
1919 — Уладзімер Набагез, беларускі лекар і грамадзкі дзяяч эміграцыі, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні.
1947 — Юрка Голуб, паэт.
1971 — Андрэй Кудзіненка, беларускі кінарэжысэр.
У памяці
1953 — Яўген Хлябцэвіч, бібліятэказнаўца, літаратуразнаўца, публіцыст, пэдагог.
2020 — Юры Варонежцаў, беларускі навукоўца, палітык і грамадзкі дзяяч, дэпутат Вярхоўнага савета СССР.
2021 — Антон Фурс, дзяяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра паваеннай моладзевай падпольнай арганізацыі «Саюз беларускіх патрыётаў». Удзельнікі гэтага саюзу выступалі за захаваньне беларускай мовы, культуры і нацыянальнай незалежнасьці. У 1947 годзе Фурса арыштавалі, ён 9 гадоў правёў у савецкіх лягерах. Да канца жыцьця заставаўся актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху.
2021 — Барыс Цітовіч, беларускі мастак, кніжны графік, галоўны мастак у Дудутках.
https://smarturl.click/MAzp