— Галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе Алексус Грынкевіч на гэтым тыдні прадставіў на канфэрэнцыі ў бясьпецы ў Варшаве новы плян альянсу па перадухіленьні патэнцыйнай расейскай агрэсіі на ўсходнім флянгу. Паводле амэрыканскага выданьня The Wall Street Journal, якое прыводзіць дэталі агучанай Грынкевічам «тэорыі перамогі», цэлямі для ўдараў ракет вялікай далёкасьці NATO могуць стаць расейскія ваенныя аб’екты ў Калінінградзкай вобласьці, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі. Лукашэнка зрабіў Беларусь мішэньню для NATO, кажа палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч. Ці ў стане цяпер Лукашэнка спыніць ваенны хаўрус з Расеяй, пазбавіцца ад расейскай зброі і інфраструктуры ў Беларусі?
— Лукашэнку няўтульна ў адным акопе з Пуціным. Канечне, яму непрыемна быць суагрэсарам, хоць ён іншы раз і з іроніяй пра гэта кажа. Таму ён і круціцца, таму ён і лавіруе. Але ў тым выпадку, як гэта было ў 22-м годзе, калі Пуцін вырашыў на Кіеў пайсьці з беларускага плацдарму, то нікуды Лукашэнка не падзеўся. Таму і цяпер, калі раптам Пуцін усё ж такі надумае, так бы мовіць, паспрабаваць на зуб усходні флянг NATO, то цяжка будзе Лукашэнку адкруціцца.
І калі пачнецца калатнеча, то, канечне, ніякая дыпляматыя тады не дапаможа. Іншая рэч, што Лукашэнка ўжо колькі часу адкручваецца і адкруціўся, напэўна, ад таго, каб пасылаць свае войскі ва Ўкраіну, так ён будзе, напэўна, усяляк адбівацца ад плянаў Пуціна нейкім чынам паспрабаваць ажыцьцявіць агрэсію супраць адной з краін NATO, хаця гібрыдная вайна ўжо ідзе.
— Беларускае МЗС ужо адрэагавала на публікацыю пра пляны NATO нанесьці ўдар па Беларусі пры агрэсіі Расеі супраць Эўропы. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанко агучыў заяву, у якой ёсьць заклік да аднаўленьня даверу. Давайце кавалачак паслухаем. Мы бачым пэўныя посьпехі беларускіх дыпляматаў у наладжваньні адносінаў з Польшчай, напрыклад. Ці мае шанцы тут дыпляматы афіцыйнага Менску вывесьці Беларусь з-пад пагрозы?
— Паколькі Лукашэнка ў такую велізарную залежнасьць паставіў краіну і зьвязаў яе шмат якімі дамовамі, у тым ліку ў вайсковай, у вайскова-тэхнічнай галіне, то, канечне, адплысьці далёка ад Крамля ня зможа цяперашні рэжым у Беларусі. Але ўсё ж нейкая абмежаваная дээскаляцыя магчымая. Апошнія месяцы, нават ужо болей за год, у дачыненьнях паміж Варшавай і Менскам мы бачым такую, як сказаў польскі міністар замежных спраў Сікорскі, лёгкую адлігу. Я нагадаю, што летась, калі палякі былі ўстрывожаныя манэўрамі супольнымі расейска-беларускімі «Захад-2025», то з ініцыятывы Лукашэнкі гэтыя вучэньні аднесьлі далей ад заходняй мяжы. Быў таксама эпізод, калі беларускі бок палякаў папярэдзіў, што набліжаецца да іх цэлы рой дронаў расейскіх, нават некалькі зь іх зьбіла беларуская супрацьпаветраная абарона. То бок нейкія такія рэвэрансы робяцца, і, наколькі я ведаю, запрашаюцца назіральнікі з краін NATO на ўсялякія манэўры. Хаця яшчэ раз падкрэсьлю: ад гэтага Лукашэнка не перастане быць вайсковым хаўрусьнікам Пуціна.
— Ці можа дапамагчы тут Лукашэнку перамоўны працэс з ЗША, які ўключае ня толькі гуманітарны трэк з вызваленьнем палітвязьняў, але пытаньні, зьвязаныя з расейскай вайной супраць Украіны?
— Лукашэнка, я думаю, мае такі спадзеў: пры дапамозе гэтага амэрыканскага трэку неяк ускочыць у мірны працэс па Ўкраіне. Калі Трампу сапраўды ўдасца ў нейкім фармаце пасадзіць за стол перамоваў Зяленскага і Пуціна, то Лукашэнка хаця б на нейкім там падстаўным крэсьле, напэўна, спадзяецца таксама ў гэтых перамовах паўдзельнічаць і такім чынам высьлізнуць з цяперашняга такога незайздроснага амплюа агрэсара і выглядаць голубам міру. Ён пастаянна гэтыя рэфрэны паўтарае.
Іншае пытаньне — наколькі гэта ўдасца, таму што мы бачым пакуль што і Пуцін не зьбіраецца завяршаць вайну, хаця, магчыма, Лукашэнка болей ведае, чым мы. Таму што сёньня зноў жа вось у яго быў каскад гэтых заяваў, і, акрамя ўсяго іншага, прагучала вось у яго такая думка, што пакрысе ўжо і расейскі рэсурс, хоць там і вялікая краіна, яшчэ доўга можа весьці вайну, але пакрысе ўжо зьмяншаецца і яе рэсурс. То бок, відаць, Лукашэнка, кантактуючы з Пуціным, ведае сапраўды болей, чым звычайны абывацель, і таму, напэўна, вось гэта веданьне яго таксама падштурхоўвае і да такіх міралюбных заяваў, і нават да рэвэрансаў у бок Зяленскага, што мы вось сёньня бачылі.
— Вядомая амэрыканская гісторык, журналістка Эн Эплбаўм на гэтым тыдні ў інтэрвію Свабодзе сказала, што, паводле яе, чарговая спроба дамовіцца з Лукашэнкам правалілася: «Лукашэнка залежыць ад суседняга дыктатара, каб утрымлівацца ва ўладзе. Ідэалёгія, якую ён выкарыстоўвае, мэтады, да якіх ён зьвяртаецца, — нічога з гэтага не працавала б, каб не было Пуціна». Эплбаўм кажа, што цяперашняя амэрыканская адміністрацыя верыць, што, прапаноўваючы людзям дзелавыя ўгоды, можна наладзіць зь імі лепшыя адносіны. Амэрыканская журналістка і гісторык лічыць гэта памылкай, паколькі, зноў цытую: «Людзі накшталт Лукашэнкі і Пуціна думаюць ня так». Ці ёсьць розьніца паміж угодамі, якія Злучаныя Штаты заключаюць з Лукашэнкам, і ўгодамі, якія Злучаныя Штаты заключаюць з Пуціным, і, адпаведна, паміж іх вынікамі?
— Спачатку зраблю рэмарку наконт выказваньняў спадарыні Эплбаўм. Тое, што Лукашэнка страшэнна залежны ад Пуціна, — гэта сапраўды, тут нельга не пагадзіцца. Але ўвогуле некаторыя яе высновы мне здаліся занадта катэгарычнымі. Ну, што значыць «памылка»? Усё ж такі 500 там, ці нават болей, палітвязьняў амэрыканцы выцягнулі.
Гэта 500 уратаваных чалавечых жыцьцяў, 500 чалавек выйшлі на волю. Гэта недарэмныя высілкі, я мяркую. Як на мой погляд, дык хай сабе ідзе гэты калій там і праз Клайпеду, і гэтак далей. Тут вялікай бяды я ня бачу, калі вызваляюцца людзі. На першым пляне тут усё ж такі свабода і жыцьцё, і здароўе людзей. Канечне, спрабаваць дамаўляцца з Лукашэнкам, каб ён правёў там сумленныя выбары, — гэта нуль па фазе, так бы мовіць. Калі спрабаваць пра нейкія прагматычныя рэчы, вось мы ўжо згадвалі гэты польскі трэк, то два памежныя пераходы адчынілі палякі. Менск выпусьціў Анджэя Пачобута, яшчэ болей яму дазволілі прыехаць у Беларусь, вярнуцца. То бок гэта такая сытуацыя, калі абодва выйграюць.
І тут я зноў хачу вярнуцца вось да тэрміну, які прапанавала група беларускіх экспэртаў летась. Гэта абмежаваная дээскаляцыя. То бок так, дыктатура не зьменіцца, ня стане Лукашэнка белым і пухнатым, але гэта не азначае, што па нейкіх асобных практычных пытаньнях нельга і ня варта дамаўляцца.
Форум