Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 36 гадоў таму ў Купалаўскім тэатры адбылася прэм’ера легендарнага спэктаклю «Тутэйшыя»

Падзеі 17 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У сьпісы UNESCO ўключаныя такія беларускія аб’екты

  1. Бортніцтва (разам з Польшчай),
  2. Будслаўскі фэст,
  3. Выцінанка,
  4. Калядныя цары,
  5. Саломапляценьне,
  6. Юраўскі карагод,
  7. Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёну.

У беларускім інвэнтары нематэрыяльнай культурнай спадчыны — больш за паўтары сотні аб’ектаў.

Сёньня таксама

1448 — пачалася другая бітва на Косавым полі (непадалёк ад Прышціны) паміж войскамі Асманскай імпэрыі і хрысьціянскім войскам на чале з вугорскім вайскаводам Янашам Гуньядзі. Празь пяць дзён баёў асманцы перамаглі, іхная імпэрыя працягнула захоп новых земляў. Праз 5 гадоў асманы захапілі Канстантынопаль.

1777 — пад Саратогай у час Вайны за незалежнасьць ЗША капітулявала амаль шасьцітысячная брытанская армія генэрала Джона Бэргойна. Значны ўнёсак у перамогу зрабіў ураджэнец Беларусі Тадэвуш Касьцюшка, які спраектаваў умацаваньні амэрыканскага войска. Капітуляцыя пераканала Францыю заключыць саюз з амэрыканскімі паўстанцамі, што ўрэшце дапамагло ім здабыць незалежнасьць.

1961 — пачаўся XXII зьезд КПСС, які абвясьціў мэтай пабудову камуністычнага грамадзтва да 1980 году. Таксама зьезд прыняў рашэньне пра вынас цела Сталіна з маўзалея.

Кіраўнікі СССР на трыбуне маўзалея, 1958 год
Кіраўнікі СССР на трыбуне маўзалея, 1958 год

1961 — у нью-ёрскім Музэі сучаснага мастацтва была выстаўлена карціна Анры Матыса «Човен». Толькі 3 сьнежня нехта зьвярнуў увагу на тое, што карціна вісіць нагамі ўгору.

1962 — гурт The Beatles упершыню выступіў на брытанскай тэлевізіі — у рэгіянальнай праграме.

Выступ Beatles у Нью-Ёрку. 1964
Выступ Beatles у Нью-Ёрку. 1964

1964 — у Беларусі адкрылі першае прамысловае радовішча нафты. Навукоўцы кажуць, што калі б Беларусь цалкам жыла толькі за кошт свае нафты, дык выбрала б увесь запас за 30 гадоў.

1968 — пачаўся паэтапны вывад союзных войскаў з тэрыторыі Чэхаславаччыны, пры гэтым савецкія вайсковыя часткі заставаліся ў краіне да 1991 году.

1985 — у кінапракат выйшаў фільм «Ідзі і глядзі» рэжысэра Элема Клімава, зьняты паводле сцэнару, напісанага ім разам зь беларускім пісьменьнікам Алесем Адамовічам. Карціна стала адным з самых вядомых у сьвеце антываенных фільмаў.

1990 — у Купалаўскім тэатры ў Менску адбылася прэм’ера спэктаклю «Тутэйшыя» паводле п’есы Янкі Купалы, які паставіў Мікалай Пінігін. У канцы спэктаклю на сцэне ўздымаўся бел-чырвона-белы сьцяг. У 1992 годзе спэктакль атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

1993 — упершыню адзначылі Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю галечы, уведзены з ініцыятывы ААН.

1999 — у Менску прайшоў адзін з самых буйных пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй, называўся ён «Марш свабоды».

У розныя моманты шэсьця колькасьць удзельнікаў вагалася ад 20 да 40 тысячаў чалавек.

Акцыя скончылася масавымі сутыкненьнямі дэманстрантаў зь міліцыяй і салдатамі ўнутраных войскаў і шматлікімі арыштамі. Каля 200 чалавек пасьля акцыі зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу, а ў міліцыі завялі 62 адміністрацыйныя справы і 7 крымінальных.

2004 — у Беларусі прайшоў рэфэрэндум, вынікі якога скасавалі канстытуцыйнае абмежаваньне, якое забараняла адной асобе займаць пасаду прэзыдэнта краіны больш як два разы. Гэта дазволіла Аляксандру Лукашэнку, які кіраваў краінай з 1994 году, вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты неабмежаваную колькасьць разоў. Назіральнікі АБСЭ адзначылі сур’ёзныя парушэньні выбарчых стандартаў.

У гэты дзень нарадзіліся

1696 — Аўгуст ІІІ Саксонскі, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.

1785 — Тадэвуш Валянскі, польскi гісторык і археоляг, калекцыянэр.

1865 — Люцыян Жалігоўскі, генэрал, дзяржаўны і ваенны дзеяч Сярэдняй Літвы і Польшчы, вядомы «бунтам Жалігоўскага» у 1920 годзе, падчас якога захапіў Вільню, стварыў Сярэднюю Літву і далучыў яе да Польшчы.

1900 — Ібрагім Гембіцкі, беларускі мастак-графік.

1937 — Мікалай Чаргінец, беларускі генэрал і пісьменьнік, старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (2005–2022).

У памяці

1849 — Фрэдэрык Шапэн, польскі кампазытар і піяніст.

Фрыдэрык Шапэн, 1849 год
Фрыдэрык Шапэн, 1849 год

1976 — Радаслаў Астроўскі, палітычны і грамадзкі дзяяч, арганізатар Слуцкай беларускай гімназіі, удзельнік Слуцкага збройнага чыну, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Падчас Другой сусьветнай вайны супрацоўнічаў зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, у сьнежні 1943 году ўзначаліў створаную зь іхнай санкцыі Беларускую цэнтральную раду. Пахаваны на беларускіх могілках у амэрыканскім Саўт-Рывэры.

Радаслаў Астроўскі
Радаслаў Астроўскі

1994 — Зоя Коўш, грамадзкая дзяячка, юрыстка, мэмуарыстка, нявольніца ГУЛАГу.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG