Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнік найбуйнейшага фан-сайту Лэдзі Гагі, які выйшаў на волю пасьля турмы ў Беларусі, расказаў сваю гісторыю

Лэдзі Гага падчас 68-й штогадовай цырымоніі ўручэньня прэміі «Грэмі» ў Лос-Анджэлесе, штат Каліфорнія, ЗША, 1 лютага 2026 году
Лэдзі Гага падчас 68-й штогадовай цырымоніі ўручэньня прэміі «Грэмі» ў Лос-Анджэлесе, штат Каліфорнія, ЗША, 1 лютага 2026 году

З заснавальнікам сайту Gaga Daily Кірылам Нгуенам, які мае беларуска-віетнамскае паходжаньне, пагутарыла агенцтва AFP.

Цягам двух гадоў сотні тысяч прыхільнікаў Лэдзі Гагі задаваліся пытаньнем, чаму галоўны фан-рэсурс, прысьвечаны зорнай сьпявачцы, перастаў абнаўляцца ў сацыяльных сетках, піша AFP.

У верасьні яны атрымалі адказ: заснавальнік сайту Gaga Daily знаходзіўся ў турме ў Беларусі.

Кірыла Нгуена кінулі за краты за ўдзел у пратэстах супраць Аляксандра Лукашэнкі.

«Прашу прабачэньня за адсутнасьць навін — я быў літаральна ў турме», — напісаў Нгуен, раскрываючы сваю асобу.

Праект, які ён запусьціў, маючы 14 гадоў, налічвае больш за чатыры мільёны падпісчыкаў у сацыяльных сетках, а сама Лэдзі Гага ня раз высока ацэньвала яго дзейнасьць.

У тэлефонным інтэрвію агенцтву AFP з краіны, назва якой не раскрываецца дзеля бясьпекі, Нгуен расказаў сваю неймаверную гісторыю: ад фан-супольнасьці Lady Gaga да ўдзелу ў пратэстах і турэмнага зьняволеньня.

Ад пратэстаў да турмы

Больш за 15 гадоў Нгуен аднаасобна кіраваў сайтам Gaga Daily, штодня публікуючы навіны і плёткі пра выканаўцу альбому Artpop.

Але потым у яго жыцьцё ўмяшалася палітыка. У жніўні 2020 году Аляксандар Лукашэнка, што знаходзіцца ва ўладзе з 1994 году, абвясьціў пра сваю перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах, якія апазыцыя назвала сфальсыфікаванымі. Некалькі тыдняў дзясяткі тысяч пратэстоўцаў патрабавалі яго адстаўкі.

Сярод іх быў і Нгуен — сын бацькі-віетнамца і маці-беларускі.

Пры падтрымцы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Лукашэнка жорстка здушыў пратэсты, арыштаваўшы тысячы людзей. Нгуену ўдалося ўнікнуць першай хвалі рэпрэсіяў, бо ён пераехаў у Маскву.

Аднак пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году ён, ужо 32-гадовы мужчына, вярнуўся ў Беларусь, дзе яго затрымалі спэцслужбы. У лютым 2024 году Нгуен быў арыштаваны ў Менску і асуджаны на паўтара году пазбаўленьня волі, пазьней тэрмін павялічылі яшчэ на год. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

«Спачатку, калі я яшчэ ня ведаў турэмных парадкаў, Лэдзі Гага была апошняй тэмай, пра якую я мог думаць», — расказаў ён агенцтву AFP.

У пачатку 2025 году, калі Нгуен усё яшчэ быў ў зьняволеньні, сябры напісалі яму, што Гага выпусьціла новы сынгл — Abracadabra.

Ён некалькі дзён не адыходзіў ад турэмнага радыё, пакуль не пачуў гэты трэк, якім па-сапраўднаму нацешыўся.

Нягледзячы на тое, што сярод прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці ў яе велізарная колькасьць прыхільнікаў, Лэдзі Гага папулярная таксама ў Беларусі і Расеі — краінах, дзе шырока распаўсюджана гамафобія.

«Слухаць радыё ў турме было насамрэч вельмі сьмешна, бо там гучала, у істоце, тая ж музыка, якую можна пачуць у гей-клюбе», — падзяліўся Нгуен з AFP.

Ён патлумачыў гэта тым, што ў турме мала хто разумее ангельскую мову.

«Вакол ходзяць нейкія лысыя мужыкі, займаюцца прымусовай працай, а ў этэры гучыць Трой Сіван, сьледам — Нікі Мінаж. А потым — Лэдзі Гага».

У турме Нгуен нікому не расказваў, што ён заснавальнік сайту Gaga Daily, баючыся праблемаў.

Але былі моманты, калі ён сустракаў за кратамі іншых прыхільнікаў творчасьці Гагі.

«Гучыць радыё, пачынаецца песьня Лэдзі Гагі, і нейкі хлопец раптам кажа: „Я люблю гэтую песьню. Проста абажаю“. І ты думаеш: „Ого, як крута!“».

Аднойчы яму прапанавалі выбраць фільм для паказу ў бараку. Ён выбраў фільм «Джокер: Вар’яцтва на дваіх» (Joker: Folie à Deux), у якім адну з галоўных роляў выканала Лэдзі Гага.

Гэты мюзікл працягласьцю больш за дзьве гадзіны пасьля выхаду на экраны ў 2024 годзе разграмілі крытыкі. Ня дзіва, што ён не спадабаўся і сукамэрнікам героя: яны запатрабавалі спыніць паказ.

«Гэта было не для іх», — сказаў ён.

Пасьля вызваленьня ён пачаў наладжваць жыцьцё за межамі Беларусі і хутка нагнаў усе апошнія навіны пра Лэдзі Гагу. Ён таксама атрымаў мноства вестак з словамі падтрымкі ад іншых яе прыхільнікаў.

У гутарцы з агенцтвам AFP Нгуен адзначыў: калі паглядзець на сытуацыю ў цэлым, то захапленьне мільёнаў людзей — такіх жа, як ён — Лэдзі Гагай і драбнюткімі дэталямі яе жыцьця выглядае «даволі па-дурному».

«Але, зь іншага боку, цікава, што вакол усіх гэтых дробязяў ствараюцца супольнасьці, праўда? І дзякуючы ім паміж людзьмі ўзьнікаюць сувязі, значна важнейшыя за саму поп-зорку».

Наўпроставы лінк
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG