Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Яўген Юшкевіч пра зьняволеньне: «Пашчасьціла, што я ня маю жонкі і дзяцей»

Яўген Юшкевіч
Яўген Юшкевіч

Былы сьледчы зрабіў першы допіс у сеціве пасьля вызваленьня. Зрабіў ён гэта на адзначэньне месяцу, калі яму пасьля 5,5 гадоў зьняволеньня сказалі «зьбірай рэчы» і забралі жоўтую бірку.

Яўген Юшкевіч адзначыў, што доступу да старых сацыяльных сетак у яго пакуль няма, і ніякіх інтэрвію пакуль таксама ня будзе, бо «дзіўна задаваць небясьпечныя пытаньні чалавеку, які ня ўмее ўключаць чайнік і ніколі ня бачыў ChatGPT».

Былы палітвязень намякнуў на праблемы з зубамі, напісаўшы, што выгляд у яго цяпер як у хакеіста, і гаворка пры гэтым не пра цягліцы, а псыхіка — як у «жаўнера пасьля акопных баёў». Ён спадзяецца, што гэта будзе магчыма выправіць.

«Толькі зараз я зразумеў, што тут, на волі, у тым ліку на эміграцыі, людзям зь сем’ямі, працамі, страхамі і дзецьмі было ў нечым нашмат цяжэй, чым людзям у турме. У турме ёсьць толькі чорнае, шэрае і белае — толькі тры колеры, і амаль няма чаго больш губляць. І, мусіць, мне проста пашчасьціла, што ў мяне няма няма жонкі, дзяцей. Пашанцавала, што ад мяне ніхто не залежыць».

Юшкевіч падзякаваў усім, хто дапамагаў і не пакінуў яго.

«Тут я быў прыемна зьдзіўлены (ды і проста агаломшаны) ад узроўню першай дапамогі і ад яе кампэтэнтнасьці. Людзі ў турмах у сярэднім нават не ўяўляюць, што такая дапамога існуе.

Калі можна, не пытайцеся ў людзей, якія больш за 5 гадоў правялі ў турме, чым ім дапамагчы. Па-першае, яны ня ведаюць адказу, а па-другое, яны ня будуць самі нічога прасіць. Яны жылі згодна прынцыпу „ня вер, ня бойся, не прасі“ занадта доўга, каб за адзін тыдзень зьмяніцца».

Апошнія 4,5 гады ў мяне не было вольнага часу: я вёў сваю «Джыру» на паперы, даставаў амаль з-пад зямлі нейкія кнігі, трэкаў час у задачы, часам пісаў код у сшытку. Імкнуўся змяняць навакольнае асяроддзе турмы пад сябе, а не прагінацца пад яе.

Яўген Юшкевіч да турмы і пасьля яе
Яўген Юшкевіч да турмы і пасьля яе

Хто такі Яўген Юшкевіч

Яўген Юшкевіч родам з Магілёва, скончыў юрфак БДУ, два гады працаваў няштатным супрацоўнікам у сьледзтве менскай пракуратуры, потым яшчэ пяць — сьледчым і старшым сьледчым аддзелу расьсьледаваньня эканамічных злачынстваў упраўленьня СК у Менску. У 2017 годзе пакінуў пасаду.

Пасьля звальненьня перайшоў у ІТ-сфэру, стаў сузаснавальнікам плятформы bychange.me, якая дапамагала былым супрацоўнікам сілавых структур прайсьці перакваліфікацыю. Ён актыўна кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца, бо не жадалі выконваць загады, супярэчныя асабістым перакананьням. Таксама Юшкевіч публікаваў інсайды з МУС і Сьледчага камітэту.

Пасьля выбараў жніўня 2020 году Юшкевіч ня раз заяўляў, што заўважаў за сабой сачэньне з боку сілавікоў, у сваіх сацсетках былы сьледчы апісваў спробы правакацыяў.

Яўгена Юшкевіча затрымалі 24 лістапада 2020 году ў Менску, у кватэры прайшоў вобшук. У сьнежні 2022 году яго асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы па 6 артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG