У верасьні Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 304 «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасьці ў сфэры аховы здароўя».
На яго ўжо скардзіліся сем’і дзяцей з асаблівасьцямі. Цяпер жа зьявіўся калектыўны відэазварот да Лукашэнкі, апублікаваны ў сацыяльных сетках 12 кастрычніка, паведаміла «Люстэрка»
Маці дзяцей-інвалідаў і людзі з абмежаванымі магчымасьцямі просяць унесьці зьмены ва ўказ № 304 ў інтарэсах людзей з інваліднасьцю.
«Дзякуючы лячэньню і рэабілітацыі мы робім жыцьцёва важныя крокі наперад. Але дзейныя правілы дабрачыннай дапамогі ўскладняюць аплату паслуг у арганізацыях, дзе нам сапраўды дапамагаюць. Мы ня просім сродкаў у дзяржавы. Мы просім даць нам магчымасьць выкарыстоўваць народныя ахвяраваньні на лячэньне, рэабілітацыю, прадугледзеўшы магчымасьць наяўнай аплаты. Мы цалкам за празрыстасьць і гатовыя да дакумэнтальнага пацьверджаньня кожнага выдатку», — гаворыцца ў апублікаваным роліку.
У тэксьце пад зваротам адзначаецца, што «бяда прыйшла ў сотні дамоў: лячэньне, закупка жыцьцёва важных прэпаратаў і бесьперапынная рэабілітацыя асаблівых дзяцей і дарослых аказаліся пастаўленыя на паўзу». Аўтары настойваюць, што рэабілітацыя не абмяжоўваецца толькі мэдычнымі ўстановамі:
«Гэта штодзённая, бесьперапынная праца з кваліфікаванымі рэабілітолягамі, дэфэктолягамі, інструктарамі адаптыўнай фізкультуры. Гэта ўнікальныя рухальныя і разьвіцьцёвыя мэтодыкі, якія ставяць нашых дзяцей на ногі і дапамагаюць аднаўляцца дарослым. Аднак дзейныя рамкі выключна безнаяўных разьлікаў праз мэдычныя ліцэнзіі адрэзалі нас ад тых самых спэцыялістаў і цэнтраў, чыя праца гадамі давала рэальныя вынікі».
Прадстаўнік фонду BySol: нічым добрым гэта ня скончыцца
Прадстаўнік фонду BySol Зьміцер Ягораў у камэнтары «ПіКу Свабоды» зазначыў, што спробы ўзяць пад кантроль салідарнасьць унутры Беларусі ні да нічога добрага не прывядуць.
«Я хачу сказаць, што беларусы ўвогуле вельмі адгукаюцца на чужую бяду, вельмі ахвотна дапамагаюць, і вось рознага кшталту закручваньне гаек, яно толькі перашкаджае. Гэтым улады могуць зрабіць проста вялікую бяду.
Проста людзі стануцца без дапамогі там, дзе дзяржава ня можа, ня ўстане, альбо ня хоча дапамагаць, дзе вось гэтыя дзіры закрываюць людзі з добрым сэрцам, і калі мы бачым сытуацыю, што ўсяляк абмяжоўваюць ініцыятыўнасьць, абмяжоўваецца салідарнасьць, абмяжоўваецца вось жаданьне гэтага дапамагчы і перад усім магчымасьць. Мы бачым, мы разумеем, што нічым добрым гэта ня скончыцца, бо гэта адаб’ецца на лёсе канкрэтных людзей, якія не атрымаюць дапамогу, якую маглі падтрымаць па-за дзяржавай».
Ягораў згадаў, як беларусы за мяжой дапамагаюць адзін аднаму, нягледзячы на сытуацыю, якая ў іх склалася ў эміграцыі, далёка не ўсе яны заможныя, але дапамагаюць нават невялікімі сумамі, і як досыць вялікія зборы зьбіраюць штотыдзень, калі людзі дапамагаюць сваім суайчыньнікам, што трапілі ў бяду:
«Наколькі гэта рэальна ў Беларусі, абсалютна рэальна, я перакананы, што і ў Беларусі такі BySol бы існаваў і быў бы вельмі пасьпяховы ў тым сэнсе, што атрымлівалася б вельмі шмат дабра прыносіць іншым людзям, толькі калі б не перашкаджалі такім арганізацыям і ініцыятывам».
Чаму гэта важна
Пасьля ўваходу ўказу № 304 у сілу некаторыя семʼі, якія зьбіраюць грошы на лячэньне дзяцей, сталі паведамляць аб праблемах. У прыватнасьці, банкі часова адмаўляліся адкрываць дабрачынныя рахункі, спасылаючыся на патрэбу разабрацца з новымі правіламі, а ў збораў праз мабільныя нумары ўзьніклі тэхнічныя складанасьці.
Бацькі дзяцей з СМА таксама расказвалі, што асобныя спосабы збору прыйшлося прыпыніць. У Міністэрстве здароўя пазьней заявілі, што прынцыпова новага парадку адкрыцьця рахункаў указ ня ўвёў. Цяпер для гэтага патрабуецца мэдычная даведка аб стане здароўя, а новыя нормы, паводле вэрсіі ведамства, удакладнілі мэханізм пералічэньня і выкарыстаньня ахвяраваньняў.
Але сродкі з дабрачынных збораў можна накіроўваць толькі ў безнаяўным выглядзе на разьліковыя рахункі мэдычных установаў і арганізацыяў, якія гандлююць мэдычнымі вырабамі і лекамі. Аплата іхных паслугаў гатоўкай не прадугледжана, сем’і просяць вярнуць магчымасьць такіх разьлікаў.
Форум