Вынесьлі прысуд у справе аб забойстве 17-гадовага навучэнца дарожна-будаўнічага каледжа. Ягоны аднагрупнік, які сьмяротна параніў падлетка нажом, прызнаны прытомным, паінфармавала дзяржаўная тэлерадыёкампанія «Гомель».
Трагедыя здарылася 25 сакавіка ў майстэрні каледжа. У час сваркі адзін з навучэнцаў ударыў аднагрупніка нажом. Пацярпелы памёр у больніцы.
Сьледзтва пазьней выявіла, што падлеткі даўно канфліктавалі. У час вытворчай практыкі іх разьмеркавалі ў адну падгрупу.
Судовы працэс пачаўся 11 верасьня і на патрабаваньне пракурора праходзіў у закрытым рэжыме.
Абвінавачанага прызналі вінаватым у забойстве (частка 1 артыкулу 139 КК) і прыгаварылі да 8 гадоў калёніі. Таксама ён павінен выплаціць пацярпеламу боку 70 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і яго можна абскардзіць.
Гвалт у навучальных установах
Падобная трагедыя ўжо здаралася ў гісторыі незалежнай Беларусі. Вялікі розгалас набыло забойства ў 2019 годзе. Тады 15-гадовы вучань 10-й клясы стаўпецкай школы напаў з нажом на настаўніцу гісторыі Марыну Пархімовіч і некалькіх школьнікаў. Двое вучняў атрымалі раненьні, а яшчэ адзін, старшаклясьнік Аляксандар Раманаў, ад атрыманых траўмаў памёр.
Забойцу Вадзіма М. пазьней асудзілі на 13 гадоў турмы.
Пра крывавыя падзеі ў Стоўпцах пазьней выйшла кніга, заснаваная на дакумэнтальным матэрыяле.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.
Форум