Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, на што пойдуць грошы ад падатку на сабак

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Улады Беларусі вызначылі, на што пойдуць грошы, сабраныя праз падатак на ўтрыманьне сабак.

Паводле праекту бюджэту на 2027 год, іх будуць накіроўваць на адлоў бяздомных жывёлаў, а таксама ўтрыманьне і рамонт пляцовак для выгулу хатніх гадаванцаў.

Раней уладальнікі жывёлаў у сацыяльных сетках заклікалі ўлады выкарыстоўваць сабраныя сродкі для разьвіцьця інфраструктуры для сабак. Сёлета кантроль за рэгістрацыяй хатніх гадаванцаў і выплатай падатку ўзмацнілі. Сабак і катоў у Беларусі трэба рэгістраваць, а за парушэньне правілаў утрыманьня жывёлаў прадугледжаныя штрафы.

У 2027 годзе падатак на сабак плянуюць павысіць з 14 да 15 рублёў за квартал, а на сабак патэнцыйна небясьпечных пародаў — з 67 да 71 рубля.

Тым часам улады плянуюць сабраць у 2026 годзе больш за 310 мільёнаў рублёў штрафаў — у 2,3 раза больш, чым пяць гадоў таму.

Неабходнасьць рэгістрацыі катоў і сабак дзяржаўныя органы тлумачылі тым, што яна дапамагае «весьці ўлік жывёлаў» і «хутчэй знайсьці гаспадара, калі жывёліна згубіцца». Штрафы за брак рэгістрацыі — ад 45 да 675 рублёў. А калі адсутнасьць рэгістрацыі жывёлы прынесла шкоду — ад 450 да 1350 рублёў.

  • Падатак на сабаку ў Беларусі налічваюць, калі жывёліне спаўняецца тры месяцы.
  • Але ёсьць тыя, хто можа ўнікнуць сплаты падатку. Такія льготы атрымліваюць інваліды, якія маюць у валоданьні сабак-павадыроў, інваліды І, ІІ і ІІІ групаў. Ад сплаты падатку вызваляюцца таксама шматдзетныя сем’і, прыёмныя сем’і дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў і грамадзяне, якія жывуць у аднакватэрных або ізаляваных памяшканьнях.
  • Зарэгістраваць гадаванца можна пасьля звароту ў службу «адно акно» на месцы жыхарства з дакумэнтам, які сьведчыць асобу.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG