М’янманскае выданьне Your Link MM, якое базуецца ў Тайляндзе, паведаміла, што ў краіне прагучаў прысуд у справе, якая набыла міжнародны розгалас. Пяцярых чалавек асудзілі да 21 году турэмнага зьняволеньня ў абвінавачаньні ў гандлі людзьмі.
Вестку пра прысуд абвясьціла паліцыя хунты, якая ўжо некалькі гадоў трымае ўладу ў М’янме. Чжо Ту, Зін Мін Туна, Е Лін Туна, Ньі Ньі Тхета і Ма Нан Паўн Хвам прызнаныя вінаватымі, сярод іншага, у «завабліваньні грамадзянкі Беларусі абяцаньнямі». Ім прызначылі па 21 годзе зьняволеньня з катаржнымі працамі.
Акрамя таго, пракуроры выдалі наказы на арышт пяці чалавек, якія маюць дачыненьне да перапраўкі беларускі — гэта грамадзяне М’янмы М’ё Зо Лін, Ва Тхон Аўнг і Ян Пайн Со, а таксама грамадзяне Таджыкістану Мукаір Шоеў Рустам і Адынаен Аліджон.
Што адбылося?
Пра зьнікненьне беларускай грамадзянкі стала вядома з словаў яе маці 4 кастрычніка 2025 году. Тады шэраг расейскіх каналаў напісаў, што 26-гадовая Вера Краўцова прыляцела ў М’янму ў поуку працы мадэльлю. Яна ўжо мела досьвед у мадэльных здымках, у тым ліку ў Кітаі. Таксама яна брала ўдзел у шоў «Голас».
Нейкім чынам Краўцова апынулася ў скам-цэнтры, пасьля чаго яе нібыта вывезьлі ў М’янму і забілі, пісалі тыя крыніцы.
16 кастрычніка ў МЗС Беларусі паведамілі, што пасольства Беларусі ў Віетнаме, адначасова акрэдытаванае ў суседняй М’янме, вядзе яе пошукі.
Дакладна высьветлілі, што зьніклая грамадзянка вылецела ў Янгон (М’янма) з Бангкоку (Тайлянд) 20 верасьня. Далей сьляды беларускі губляліся.
Да пошукаў далучылі замежнапалітычныя і сілавыя ведамствы дзьвюх краін, апараты ганаровых консульстваў Беларусі ў Янгоне і Бангкоку.
У сярэдзіне кастрычніка таго году бацькі Веры атрымалі даведку на бірманскай мове аб тым, што яна працавала ў вёсцы Пхлу і памерла ад сардэчнага прыпадку.
Як паведамляла тады расейская Комсомольская правда, паводле ўладаў М’янмы, крэмацыю цела беларускі зрабілі ў вёсцы Інкін 16 кастрычніка а 12:00.
Форум