Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 87 гадоў таму Вільню перадалі Літве

Савецкая армія ўваходзіць у Вільню,  19 верасьня 1939 году
Савецкая армія ўваходзіць у Вільню, 19 верасьня 1939 году

Падзеі 10 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

10 кастрычніка 1939 году ў Маскве была падпісаная дамова паміж СССР і Літвой, паводле якой Літве адышлі Вільня і частка Віленскага краю. Узамен за Вільню Літва дазволіла разьмясьціць на сваёй тэрыторыі савецкія вайсковыя базы, якія неўзабаве стануць пляцдармам акупацыі Літвы Савецкім Саюзам. 28 кастрычніка ў Вільню ўвайшлі літоўскія войскі.

Таксама ў гэты дзень

1794 — Бітва пад Мацяёвіцамі. Пераломны бой падчас паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Скончыўся паразай арміі паўстанцаў і захопам у палон параненага Касьцюшкі. Пасьля задушэньня паўстаньня ў 1795 годзе Расея, Прусія і Аўстрыя падзялілі паміж сабой рэшткі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.

1911 — з паўстаньня вайскоўцаў у кітайскім горадзе Ўчан пачалася Сіньхайская рэвалюцыя, у выніку якой апошні кітайскі імпэратар Пу І адрокся ад трона — і краіна стала рэспублікай.

1923 — Атрад Юркі Моніча напаў на цягнік. За 2 кілямэтры ад станцыі Слаўнае атрад спыніў цягнік Бэрлін — Масква, у якім ехалі замежныя дыпляматы і савецкія чыноўнікі. Іншаземцаў абрабавалі, а камуністам на загад Моніча далі ў прысутнасьці дыпляматаў па сорак шомпалаў. Сваю частку здабычы Моніч аддаў на карысьць падпольнай арганізацыі «Зялёны дуб».

Юрка Моніч. Партрэт, напісаны Алесем Пушкіным. У 2002 годзе гэты партрэт быў зьняты з выставы суполкі «Пагоня»
Юрка Моніч. Партрэт, напісаны Алесем Пушкіным. У 2002 годзе гэты партрэт быў зьняты з выставы суполкі «Пагоня»

1967 — набыла моц міжнародная Дамова аб космасе, якая забараніла разьмяшчэньне зброі масавага зьнішчэньня на арбіце і абвясьціла, што ніводная дзяржава ня можа абвясьціць нябесныя целы сваёй тэрыторыяй, у тым ліку Месяц.

1992 — заснаваны Сусьветны дзень псыхічнага здароўя.

2006 – пачала працу сацыяльная сетка «ЎКантакце», створаная расейскім праграмістам Паўлам Дуравым.

2007 – брытанскі гурт Radiohead апублікаваў у інтэрнэце альбом In Rainbows, прапанаваўшы слухачам самім вызначыць, колькі за яго плаціць — хоць сабе і нічога. І хоць большасьць сьцягнула альбом задарма, яшчэ да выхаду альбому на кампакт-дысках гурт зарабіў на ім больш, чым на папярэднім альбоме.

2015 – адбыўся тэракт у турэцкай Анкары. Паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 102 чалавекі.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Параненыя падчас выбухам людзі
Параненыя падчас выбухам людзі

2020 — на сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА КДБ прывезьлі палітвязьняў Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Сяргея Ціханоўскага, Дзьмітрыя Рабцэвіча, Лілію Ўласаву, Сяргея Дабралёта, Аляксандра Васілевіча, Кірыла Бадзея, Віталя Шклярава, Максіма Знака, Ільлю Салея, Юрыя Васкрасенскага.

У гэты дзень нарадзіліся

1796 — Міхал Без-Карніловіч, беларускі гісторык, этнограф, вайсковы тапограф, генэрал-маёр.

1813 — Джузэпэ Вэрдзі, італьянскі кампазытар.

Джузэпэ Вэрдзі
Джузэпэ Вэрдзі

1892 — Іва Андрыч, югаслаўскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 1961 году.

Іва Андрыч
Іва Андрыч

1930 — Гаральд Пінтэр, брытанскі драматург, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 2005 году.

Гаральд Пінтэр, 2005 год
Гаральд Пінтэр, 2005 год

1940 — Кастусь Тарасаў, пісьменьнік і журналіст, аўтар гістарычнае прозы і эсэ.

Кастусь Тарасаў
Кастусь Тарасаў

1943 — Валеры Галубовіч, гісторык, стваральнік навучальнага курсу «Эканамічнай гісторыі Беларусі».

1957 — Леанід Дранько-Майсюк, беларускі паэт.

Леанід Дранько-Майсюк
Леанід Дранько-Майсюк

У памяці

1640 — Мікалай Трызна, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, вялікі падскарбі літоўскі.

1739 — Дамінік Рудніцкі, пісьменьнік. Пісаў вершы па-беларуску, стварыў сатырычны цыкль «Зьвярыныя гратэскі» («Ваенны паход грыбоў», «Птушыны баль», «Камара з дуба цяжкі ўпадак» і іншыя).

1783 — Людвік Грынцэвіч, манах-дамініканін, архітэктар. Праектаваў і перабудоўваў касьцёлы ды кляштары Вялікага Княства Літоўскага. Працаваў у стылі віленскага барока.

Інтэр’ер друйскага касьцёла, архіўнае фота
Інтэр’ер друйскага касьцёла, архіўнае фота

1867 — Ігнат Легатовіч, пісьменьнік і паэт, кнігазнаўца.

1936 — Часлаў Пяткевіч, беларускі этнограф, ураджэнец Хойніччыны. Аўтар кніг пра матэрыяльную і духоўную культуру Рэчыцкага Палесься. Аўтар манаграфіі “Духоўная культура Рэчыцкага Палесься”, артыкулаў “Крыж і д’ябал у вераваньнях беларусаў”, “Душа і сьмерць у вераваньнях беларусаў”, “Гігіена ў жыцьці палешукоў”. Ягоныя творы ў 2004 годзе выйшлі асобнай кнігай у «Беларускім кнігазборы».

1938 — Адам Бабарэка, беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца, адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша». Памёр у ГУЛАГу. Бабарэка распрацоўваў пытаньні літаратуразнаўства і эстэтыкі, дасьледаваў літаратурны працэс.

Адам Бабарэка, 1929 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)
Адам Бабарэка, 1929 г. (Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва)

1954 — Аляксандар Данілевіч, выкладчык матэматыкі ў Наваградзкай і Віленскай беларускіх гімназіях, распрацоўнік тэрміналёгіі, аўтар падручнікаў.

2020 — Валер Шчукін, палітык, праваабаронца, журналіст.

Валер Шчукін
Валер Шчукін


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG