Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пачаўся суд за падрыхтоўку палітычных забойстваў. Сярод падсудных — беларус

Акруговы суд у Вільні
Акруговы суд у Вільні

У Віленскім акруговым судзе ў пятніцу адбылося першае пасяджэньне ў справе падрыхтоўкі забойства літоўскага грамадзкага дзеяча Валдаса Барткявічуса і лідэра башкірскага нацыянальнага руху Руслана Габасава, які жыве ў Літве, перадае LRT.

«Пазыцыі абвінавачаных вельмі розныя — некаторыя адмаўляюцца даваць паказаньні, некаторыя часткова прызнаюць віну, а некаторыя прызнаюць яе цалкам», — сказаў журналістам пракурор Дарус Шнайдэрыс.

Сёньня вырашаліся працэсуальныя пытаньні — хадайніцтвы і даты пасяджэньняў. Вядома, што наступнае пройдзе 20 лістапада.

Судовы працэс будзе закрытым, каб не разгалошваць падрабязнасьці прыватнага жыцьця пацярпелых. Акрамя таго, гэтая справа выдзеленая зь іншай, больш маштабнай справы аб тэрарызьме, расьсьледаваньне якой яшчэ працягваецца, патлумачыў пракурор.

Справа складаецца з 51 тома. На лаве падсудных —

  • Багдан Асіеў, грамадзянін Украіны, які мае дазвол на жыхарства ў Літве, на момант учыненьня злачынства ён быў непаўналетнім;
  • Артур Вартанян, грамадзянін Грузіі, які жыве ў Польшчы;
  • Вадзім Дубойскі, грамадзянін Беларусі, які жыве ў Вільні;
  • Іхтыандар Карыбаў, грамадзянін Грузіі, які жыве ў Нямеччыне;
  • Андрэй Ляпін, грамадзянін Літвы, які жыве ў Вільні;
  • Вікенці Чопазаў, які нарадзіўся ў Грузіі, жыве ў Грэцыі, мае грэцкае і расейскае грамадзянствы.

Іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту — забойства двух чалавек.

«Іх таксама падазраюць у фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці, вярбоўцы для тэрарыстычнай дзейнасьці, незаконным зборы інфармацыі пра прыватнае жыцьцё пацярпелых. Гэтая інфармацыя зьбіралася для таго, каб на наступным этапе, магчыма, учыніць тэракт», — сказаў пракурор.

Як раней паведамляла Генэральная пракуратура, гэтая крымінальная справа вылучаная з маштабнага і складанага дасудовага расьсьледаваньня, якое вядзе Бюро крымінальнай паліцыі Літвы. У межах гэтага расьсьледаваньня падазрэньні ў магчымым учыненьні тэрарыстычных і іншых злачынстваў выстаўленыя 14 асобам. Ня ўсе яны яшчэ затрыманыя.

Паводле сьледзтва, Валдаса Барткявічуса зьбіраліся забіць празь ягоную публічную дзейнасьць у аказаньні гуманітарнай дапамогі Ўкраіне. А Руслана Габасава — празь ягоную публічную апазыцыйную дзейнасьць, сіраваную супраць цяперашніх расейскіх уладаў.

Напачатку 2025 году Габасаў знайшоў у сваім аўтамабілі прыладу сачэньня і зьвярнуўся ў паліцыю. Калі пачалося сьледзтва, высьветлілася, што ягонаму жыцьцю і здароўю пагражае рэальная небясьпека. 12 сакавіка 2025 году галоўных падазраваных затрымалі ў Вільні.

Хто такі Вадзім Дубойскі

Вадзім Дубойскі, архіўнае фота
Вадзім Дубойскі, архіўнае фота

Вадзім Дубойскі — гітарыст, удзельнік гардкор-панк-гурта Vagitta. У жніўні 2020 году яго затрымалі ў Берасьці, пабілі і вызвалілі без афармленьня дакумэнтаў. Але пасьля таго, як музыка зьняў пабоі, на яго завялі справу за «масавыя беспарадкі». Увосень 2020 году Дубойскі зьбег ад крымінальнага перасьледу ў Расею. Але 12 красавіка 2021 году яго затрымалі і там, піша «Позірк».

У кастрычніку 2021 году першы апэляцыйны суд Масквы адхіліў скаргу адваката Дубойскага на ягоную экстрадыцыю. За содні да выдварэньня Эўрапейскі суд па правах чалавека забараніў высылку Дубойскага ў Беларусь. У выніку ў 2022 годзе па вызваленьні ён зьехаў з Расеі.

26 жніўня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра пачатак спэцвытворчасьці ў дачыненьні да 36-гадовага Вадзіма Дубойскага за «масавыя беспарадкі».

Невядома, ці зьяўляецца музыка Дубойскі фігурантам справы ў Літве, альбо гаворка ідзе пра ягонага цёзку, адзначае «Позірк».

Кіраўніца шэлтэра ў Вільні: «Я думаю, што ён некуды ўляпаўся за грошы ці праз падман»

Кіраўніца арганізацыі «Дапамога» і беларускага «Замка» для ўцекачоў у Вільні, дзе нейкі час жыў Вадзім Дубойскі, Натальля Калегава кажа, што апошняе паведамленьне ад яго прыйшло ў чэрвені 2025 году.

Дубойскі заўважыў у адным з чатаў «Дапамогі» падазроную абʼяву, дзе людзям абяцалі заробак $120 за дзень і «бясплатнае навучаньне», і папрасіў яе заблякаваць паведамленьне празь відавочнае махлярства. А пасьля проста зьнік, — расказала яна «Нашай Ніве».

Калі Вадзім Дубойскі перастаў выходзіць на сувязь, яго знаёмыя спачатку не разумелі, што здарылася. Яны меркавалі, што ён мог атрымаць адміністрацыйны арышт праз наркотыкі або трапіць у паліцыю празь нейкую іншую гісторыю. Толькі пазьней высьветлілася, што Дубойскі — пад вартай у СІЗА Коўна.

«Калі мы даведаліся, у якой справе ён апынуўся, усе былі ў шоку», — расказала Натальля.

На думку Калегавай, Вадзім Дубойскі мог пагадзіцца на нейкую выпадковую аплачаную працу, не разумеючы ўсёй схемы:

«Я думаю, што ён некуды ўляпаўся за грошы ці праз падман. Магчыма, яго выкарысталі, магчыма, ён камусьці быў вінен грошы. У яго быў бардак у галаве, ён хапаўся за ўсе падпрацоўкі. Але я ня веру, што ў яго было сьвядомае жаданьне ладзіць тэрор супраць Валдаса або кагосьці іншага. Спадзяюся, сьледзтва ва ўсім разьбярэцца», — сказала яна.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG