У расейскім Іркуцку і Іркуцкай вобласьці зьнялі карантыны, уведзеныя пасьля сьмерці супрацоўніцы супрацьчумнага інстытуту. Паводле ўладаў, ніхто з тых, хто кантактаваў з ёй, не захварэў. Прычынай сьмерці назвалі «пнэўманію няяснай этыялёгіі». СМІ выказалі здагадку, што яна магла памерці ад вельмі заразнай лёгачнай формы чумы. Назіральнікі адзначаюць пэўны недавер да заяваў уладаў Расеі. Усясьветная арганізацыя здароўя згадала сполах сібірскай язвы ў Сьвярдлоўску (цяпер Екацерынбург) у 1979 годзе, калі савецкія ўлады тлумачылі заражэньні ўжываньнем інфікаванага мяса. Міжнародная група дасьледнікаў пазьней паказала, што месцы, дзе былі захварэлыя, супадалі зь месцамі выкіду аэразолю з вайсковага аб’екту.
Ці ў выпадку найгоршага разьвіцьця падзеяў ёсьць рызыка, што чума трапіць у Беларусь з Расеі разам з шматлікімі турыстамі? І навошта сёньня патрэбныя супрацьчумныя інстытуты? Ці могуць яны патэнцыйна мець дачыненьне да распрацоўкі біялягічнай зброі? Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды. Вынікі тыдня» мы пагаварылі з кандыдаткай біялягічных навук, мікрабіёлягам, супрацоўніцай Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту, ураджэнкай Беларусі Вікторыяй Даронінай.
— Калі зьявіліся паведамленьні аб сьмерці супрацоўніцы Іркуцкага супраць чумнага інстытуту, у сьвеце абмяркоўваюць магчымасьць заражэньня чумой. Наколькі рэалістычная такая вэрсія і ці можна ўжо казаць пра рызыку для іншых людзей?
— Таго, што яна заразілася, ніхто ўжо як бы не адмаўляе, нават расейскія ўлады не адмаўляюць. Уласна, гэта яны сказалі, што, імаверна, яна разьбіла нейкую прабірку і, імаверна, з штамам. Гэта трапіла ёй у лёгкія і яна памерла. То бок інфармацыі мала, трэба разумець, што людзі проста дадумваюць на падставе той невялікай інфармацыі, якая ёсьць. Тое, што яна памерла, — гэта сумна, але што тычыцца заражэньня іншых людзей, то гэта вельмі малаімаверна. Тым больш — заражэньня людзей за межамі канкрэтнай лябараторыі, за межамі яе кантактаў. Калі мы чуем пра чуму, мы адразу ўзгадваем Сярэднявечча, калі да 90% людзей у Эўропе памерлі ад яе.
Але трэба разумець, што гэта была зусім іншая сытуацыя, калі людзі ня ведалі, як пераносіцца гэтая хвароба, жылі ўсе ў скучаных антысанітарных умовах — шмат людзей на адзін пакой, і, натуральна, ніякіх лекаў супраць чумы не было. Таму людзі паміралі масава. Цяпер сытуацыя зусім іншая, і малаімаверна, увогуле неймаверна, каб гэта прывяло да нейкага вялікага сполаху.
Лёгачная форма чумы перадаецца паветрана-кропельным шляхам, але ў яе ступень заразнасьці значна меншая, чым у ковіду. То бок схаванага распаўсюджваньня, калі чалавек ня мае сымптомаў, ён ходзіць і людзей заражае, быць ня можа, бо пры гэтай хваробе калі чалавеку ня даць антыбіётыкі, то ён памірае за 2–3 дні. І ён адчувае сябе вельмі дрэнна. Гэта ня той варыянт, як людзі заражаліся ковідам на пачатку, калі ён пойдзе ў рэстаран або кудысьці ў публічнае месца.
— Я хацела закрануць імавернасьць найгоршага разьвіцьця падзеяў. У Беларусь прыяжджаюць вельмі шмат людзей з Расеі, фактычна ніякага кантролю няма. Калі сытуацыя пойдзе найгоршым чынам, наколькі беларусам трэба хвалявацца?
— У гэтым выпадку магу сказаць, што ня трэба непакоіцца наконт чумы, бо ёсьць значна больш сур’ёзная пагроза, і ня зь пункту гледжаньня інфэкцыйных захворваньняў. Гэты выпадак адбыўся ў лябараторыі ў Іркуцку. Я ўпэўненая, што ўсе кантакты дзяўчыны, якая памерла, ужо адсачылі, ім усім далі антыбіётыкі, і малаімаверна, каб нехта з актыўнай інфэкцыяй раптам паляцеў — і прыляцеў у Беларусь.
Гэта не адзіны выпадак захворваньня людзей на чуму. У год рэгіструецца 1000–2000 выпадкаў па ўсім сьвеце. У Афрыцы — у Рэспубліцы Конга, на Мадагаскары. У самой Расеі бываюць заражэньні, калі яна пераскоквае з рэзэрвуараў — жывёлаў. У Амэрыцы вавёркі і бурундукі таксама ёсьць рэзэрвуарамі інфэкцыі, і пэрыядычна яна пераходзіць на людзей. Але эпідэміі ніколі не ўзьнікае, бо інфэкцыя добра лечыцца антыбіётыкамі.
— А навошта цяпер патрэбныя супрацьчумныя інстытуты, калі гэтая хвароба хоць існуе, але ўсё ж успрымаецца як нешта з далёкага мінулага? Чаму навукоўцы працягваюць працаваць з узбуджальнікамі гэтай хваробы? Ці могуць быць там яшчэ нейкія мэты?
— Трэба сказаць, што савецкія інстытуты называліся супрацьчумнымі і працавалі ў асноўным з чумой якраз таму, што ёсьць рэзэрвуар інфэкцыі, і пэрыядычна бактэрыі пераскокваюць на людзей. Але гэта была не адзіная іх мэта. Яны займаліся іншымі інфэкцыйнымі захворваньнямі і дагэтуль займаюцца. Тут як з прышчэпкамі. Вось у нас вірусу адру больш няма, давайце спынім прышчэпкі. Спыняюць прышчэпкі, пачынаюцца інфэкцыі, людзі пачынаюць хварэць і паміраць. Тое самае і з гэтымі захворваньнямі, у якіх ёсьць рэзэрвуар. Пэрыядычна яны спрабуюць як бы вырвацца з гэтага рэзэрвуару і пераскочыць на агульную папуляцыю. Калі прыбраць фактары стрыманьня, то нейкі новы штам, менш вірулентны, будзе распаўсюджвацца прыхавана, і раптам акажацца, што ў нас эпідэмія. А што тычыцца таго, ці вядуцца, назавём рэчы сваімі імёнамі, дасьледаваньні ў распрацоўцы біялягічнай зброі ў Расеі, у прыватнасьці, на аснове чумы — гэтага, натуральна, ніхто ня ведае, але нават амэрыканцы, звычайна вельмі адчувальныя да падобнага роду рэчаў, кажуць, што малаімаверна.
Зноў жа, чума — гэта дрэнны бактэрыялягічны агент, бо, як я кажу, яна адносна дрэнна распаўсюджваецца. То бок людзі проста паміраюць, па-першае, і, па-другое, яна адчувальная да антыбіётыкаў. Падазрона, вядома, што дзяўчына памерла, але зноў жа, найбольш імаверны сцэнар, які разглядаецца, — гэта тое, што калі яна разьбіла гэтую прабірку і ўдыхнула бактэрыі або нейкім іншым спосабам яны трапілі, яна проста нікому пра гэта не сказала.
Яна вырашыла, што прасьцей будзе гэта схаваць. І таму, калі хвароба ў яе імкліва разьвівалася, зноў жа яна нікому пра гэта не сказала, яе проста не пасьпелі вылечыць. То бок рэч ня ў тым, што гэта быў нейкі супэрновы, вельмі вірулентны штам, які хочуць выкарыстаць у якасьці біялягічнай зброі, а проста такі зьбег абставінаў, халатнасьць.
Форум