Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША зноў уключыў Беларусь у пералік краін-гандлярак людзьмі

Сымболіка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Ілюстрацыйнае фота
Сымболіка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь трэці год запар трапляе ў асобны пералік тых дзяржаў, дзе да гандлю людзьмі датычны ўрад.

Як адзначаецца ў апублікаванай справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, сёлета агулам такіх дзяржаў 12, па іх ёсьць дакумэнтальна пацьверджаная «палітыка або мадэль» гандлю людзьмі, гандлю людзьмі ў праграмах, якія фінансуюцца ўрадам, прымусовая праца ў дзяржаўных мэдычных службах або іншых сэктарах, сэксуальнае рабства ў дзяржаўных лягерах або найм ці вэрбаваньне дзяцей-салдатаў.

Гэта: Афганістан, Беларусь, М’янма, Камбоджа, Кітай, Куба, Эрытрэя, Іран, Паўночная Карэя, Расея, Паўднёвы Судан і Судан.

З сьпісу сёлета выключылі Сырыю.

Якія мэты штогадовых справаздач

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША публікуе справаздачу аб гандлі людзьмі з 2001 году. Стварэньне пераліку краін, датычных да гандлю людзьмі стала вынікам ухваленьня ў ЗША ў 2000 годзе фундамэнтальнага закону аб абароне ахвяр гандлю людзьмі.

Мэтай справаздачы зьяўляецца ацэнка намаганьняў замежных урадаў у барацьбе з прымусовай працай і гандлем людзьмі ў мэтах сэксуальнай эксплуатацыі, а таксама папярэджаньне краін аб наступства бязьдзеяньня.

Справаздача грунтуецца на ацэнцы трох базавых кірункаў: прафіляктыка, крымінальны перасьлед вінаватых і абарона пацярпелых.

У 2025 годзе адміністрацыя ЗША аднавіла кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам. Перамовы вядзе Джон Коўл. Ад 10 лістапада 2025 году ён займае пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі, а ўпершыню прыехаў на перамовы ў Менск 21 чэрвеня таго ж году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG