Пра гэта 8 кастрычніка паведаміў губэрнатар вобласьці Ігар Кобзеў. Карантын, уведзены ў мэдычных установах, зьнялі.
Паводле Кобзева, мэдычныя работнікі завяршылі назіраньне за людзьмі, якія кантактавалі з памерлай. Ніхто зь іх не захварэў. Новых выпадкаў якіх-небудзь інфэкцыйных захворваньняў у горадзе і вобласьці не зарэгістравалі. Вынікі амаль пяці тысяч лябараторных аналізаў ня выявілі небясьпечных патагенаў.
Карантынныя захады ўвялі пасьля таго, як у ноч на 2 кастрычніка ў раённым шпіталі гораду Шэлехава каля Іркуцку памерла 28-гадовая Дар’я Шыпілава. Яна працавала малодшай навуковай супрацоўніцай Супрацьчумнага інстытуту Сібіры і Далёкага Ўсходу ў Іркуцку. Прычынай ейнай сьмерці назвалі «пнэўманію нявызначанай этыялёгіі».
Шэраг СМІ выказаў меркаваньне, што Шыпілава магла памерці ад лёгачнай формы чумы, якой магла заразіцца падчас працы з бактэрыямі чумы — напрыклад, разьбіўшы прабірку з жывой культурай узбуджальніка.
Карантын увялі ў шпіталі, дзе памерла Шыпілава, і ў некалькіх мэдычных установах Іркуцку. Супрацьчумны інстытут перайшоў на закрыты рэжым працы. Ізалявалі каля 200 чалавек, якія маглі кантактаваць з Шыпілавай.
Расспажыўнагляд заявіў, што пры дасьледаваньні біяматэрыялаў памерлай «ня выявілі мікраарганізмаў, зьвязаных зь ейнай прафэсійнай дзейнасьцю», а Супрацьчумны інстытут паведаміў, што аварый падчас працы з культурамі чумы ў іх не адбывалася.
Усясьветная арганізацыя здароўя назвала рызыку распаўсюду чумы ў Расеі нізкай, а прынятыя супрацьэпідэмічныя захады дастатковымі.
Што такое лёгачная форма чумы?
Узбуджальнік чумы — бактэрыя Yersinia pestis, якая звычайна цыркулюе сярод дзікіх грызуноў і блох. Лёгачная форма хваробы наносіць шкоду лёгкім і можа перадавацца ад чалавека да чалавека паветрана-кропельным шляхам пры шчыльным кантакце.
Хвароба можа разьвівацца імкліва, аднак сучасныя антыбіётыкі вельмі эфэктыўныя пры своечасовым пачатку лячэньня.
Форум