Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні маёра мэдычнай службы пазбавілі пагонаў і адправілі ў турму на 8 гадоў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд Ленінскага раёну Горадні суворым прысудам скончыў гучную справу аб хабарнцтве.

Суд прысудзіў 50-гадоваму менчуку 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за атрыманьне хабару. Яму таксама прызначылі штраф у 600 базавых велічынь і пазбавілі вайсковага званьня «маёр мэдыцынскай службы запасу», інфармуе ТРК «Гродна».

Паводле зьвестак дзяржаўнага абвінавачаньня, мужчына атрымаў грашыма, будаўнічымі матэрыяламі і аздобнымі работамі больш за 40 тысяч рублёў.

Асуджаны атрымліваў хабар за спрыяньне ў закупках для аховы здароўя. Мужчына ўзначальваў адзін з падразьдзелаў менскіх гарадзкіх уладаў.

Як расказаў дзяржаўны абвінаваўца Аляксандар Забаўка, зь лютага 2024 году па травень 2025 году мужчына некалькі разоў атрымліваў ад прадстаўніка кампаніі грошы і будаўнічыя матэрыялы. Таксама яму рабілі аздабленьне ў доме.

Узамен ён забясьпечваў закупкі абсталяваньня ўстановамі аховы здароўя ў канкрэтнай кампаніі і спрыяў выдзяленьню бюджэтных грошай на гэтыя мэты.

Мужчыну прызначылі пакараньне паводле часткі 3 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 600 базавых велічыняў. Акрамя таго, яго пазбавілі званьня маёра мэдыцынскай службы запасу і на 5 гадоў забаранілі займаць кіроўныя пасады.

1,5 тысячы службовых злачынстваў за 1,5 года

Генэральны пракурор Дзьмітры Гара паведаміў на спавешчаньні ў Палаце прадстаўнікоў, што за апошнія паўтара года ў Беларусі зарэгістравалі амаль 1,5 тысячы службовых злачынстваў. Найбольшую долю ў іх склалі крадзяжы і хабарніцтва.

Да адказнасьці прыцягнулі больш за 1,2 тысячы чалавек, дзесяць зь якіх займалі адказнае становішча.

Паводле слоў Гары, пракуратура надае асаблівую ўвагу лішнім пасярэднікам пры закупках. Напрыклад, пры пастаўках электраабсталяваньня выявілі схему хабару супрацоўнікам прадпрыемстваў прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, ЖКГ, транспарту і дарожнага будаўніцтва. Хабар даходзіў да 10% кошту абсталяваньня, самы буйны — да 190 тысяч рублёў. Агулам выявілі хабар на суму больш за 750 тысяч рублёў.

Праз парушэньні правілаў закупак пракуроры запатрабавалі скасаваць больш за 1,3 тысячы закупачных працэдур на агульную суму звыш 330 млн рублёў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG