Дзень у гісторыі
1500 — Браслаў атрымаў прывілей на магдэбурскае права.
1586 — у Вільні ў друкарні Мамонічаў выдалі першую друкаваную граматыку царкоўнаславянскай мовы.
1656 — у бітве пад Просткамі войска Кароны і ВКЛ перамагло швэдаў.
1660 — У бітве на Басі ў ходзе 13-гадовай вайны войскі Рэчы Паспалітай спынілі наступ маскоўцаў і адкінулі іх да ўмацаванага лягеру.
1912 — пачалася Першая Балканская вайна. Войскі Чарнагорыі, Баўгарыі, Грэцыі і Сэрбіі амаль цалкам выціснулі Асманскую імпэрыю з Балканаў.
1991 — Харватыя канчаткова выйшла з складу Югаславіі і стала незалежнай дзяржавай.
2005 — у Кашміры адбыўся землятрус магнітудай 7,6 бала, ахвярамі якога сталі больш за 80 тысяч чалавек.
2015 — Беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч абвешчаная ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры. У сваім вэрдыкце Швэдзкая акадэмія напісала, што Алексіевіч узнагароджаная за «паліфанічныя творы, якія зьяўляюцца помнікам пакутам і адвазе ў нашы часы».
У гэты дзень нарадзіліся
1831 — Міхал Ельскі, беларуска-польскі скрыпач, кампазытар і пісьменьнік.
1857 — Платон Жуковіч, царкоўны гісторык, прадстаўнік «западноруссизма».
1892 — Марына Цьвятаева, расейская паэтка.
1901 — Апалёнія Савёнак, настаўніца, дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША, маці Зоры Савёнак (Кіпель).
1902 — Канстанцін Кернажыцкі, гісторык, ахвяра сталінізму.
У памяці
1910 — Марыя Канапніцкая, польская пісьменьніца.
1943 — Андрэй Мрый (сапраўднае імя Андрэй Шашалевіч), беларускі празаік, журналіст, ахвяра сталінізму. Найбольш вядомы раман Мрыя — «Запіскі Самсона Самасуя», дзе ў сатырычным тоне паказанае ўсталяваньне новага ладу ў 1920-я гады, у тым ліку пачаткі савецкай беларусізацыі. Твор быў абвешчаны паклёпам на савецкую рэчаіснасьць. Аўтара ў 1934 годзе арыштавалі і асудзілі на тры гады ссылкі. У 1940 годзе ў Мурманску зноў арыштавалі і адправілі ў лягер у Комі, дзе ён стаў інвалідам. Памёр у Мурманскай вобласьці, куды яго адправілі дажываць. Паводле адной з вэрсій — забіты рэцыдывістамі ў цягніку. Да 2015 году «Запіскі Самсона Самасуя» праходзілі ў асноўнай школьнай праграме для 10 клясаў, але потым пакінулі толькі для профільных клясаў і ў сьпісе дадатковага чытаньня.
1969 — Цімох Гарбуноў, старшыня Вярхоўнага Савету БССР, гісторык, акадэмік.
1991 — Зоська Верас (ад нараджэньня Людвіка Сівіцкая, у замужжы — Войцік), пісьменьніца, грамадзкая дзяячка, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху.
2021 — Чэслаў Сэнюх, літаратар, перакладнік беларускай літаратуры на польскую мову.