Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне паводле падазрэньня ў шпіянажы затрымалі былога кіраўніка Фэдэральнай выведнай службы

Аўґуст Ганінґ, архіўнае фота
Аўґуст Ганінґ, архіўнае фота

6 кастрычніка ў Мюнстэры затрымалі былога кіраўніка Фэдэральнай выведнай службы Нямеччыны Аўгуста Ганінга. Яго падазраюць у шпіянажы, замаху на дзяржаўную здраду і выведнай дзейнасьці на карысьць іншай дзяржавы. Пра гэта заявілі ў Фэдэральнай пракуратуры краіны.

Ганінг кіраваў Фэдэральнай выведнай службай ад сьнежня 1998 году да лістапада 2005-га, а пасьля быў дзяржаўным сакратаром у Міністэрстве ўнутраных справаў.

Другі фігурант справы, Манфрэд Д., да сакавіка 2026 году кіраваў апаратам службы пры Ганінгу і іншых кіраўніках Фэдэральнай выведнай службы. Яго абвінавацілі ў садзейнічаньні замаху на дзяржаўную здраду і шпіянажы.

Паводле сьледзтва, увесну 2010 году абодва падазраваныя дамовіліся, што Манфрэд Д. на пастаяннай аснове будзе перадаваць Ганінгу выведную інфармацыю з Фэдэральнай выведнай службы за ўзнагароджаньне. Ганінг меўся выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю як прыватны кансультант. Паводле сьледчых, усяго Ханінг атрымаў каля дзьвюх тысяч дакумэнтаў, шмат зь якіх былі з сакрэтнай інфармацыя.

Як паведамілі ў пракуратуры, адным разам Ганінг скарыстаўся сакрэтнымі зьвесткамі ў аналітычнай запісцы для супрацоўніка замежнай выведкі, а прадстаўніку іншай замежнай выведкі ён перадаваў палітычную інфармацыю, часткова заснаваную на матэрыялах, атрыманых ад Манфрэда Д.

DW апісвае падзеі як «найбуйнейшы шпіёнскі скандал гэтага стагодзьдзя ў Нямеччыне, які разгортваецца ў рэжыме рэальнага часу». Паводле мэдыя, расьсьледаваньне пачалося з ператрусу ў Ганінга ў верасьні 2025 году ў рамках справы пра выкраданьне дзяцей супраць прадпрымальніцы Крысьціны Блёк і іншых асобаў. Ганінга і былога супрацоўніка крымінальнай паліцыі Гамбургу падазраюць у тым, што яны ў 2022 годзе прынялі ад Блёк замову на выкраданьне ейных дзяцей.

Пакуль не паведамляецца, у супрацоўніцтве зь якой дзяржавай абвінавачваюць Ганінга. Як піша BILD, ён працаваў ва ўсім сьвеце кансультантам у сфэрах бясьпекі і бізнэсу. Ён таксама меў сувязі з Расеяй і Кітаем, у тым ліку зь дзяржаўнымі структурамі. Як адзначае выданьне, Ганінг сутыкнуўся зь фінансавымі цяжкасьцямі пасьля арышту сваёй пэнсіі ў рамках справы наконт латвійскага PNB Banka, сябрам рады дырэктараў якога ён быў.

The Insider піша, што з 2015 да 2019 году Ганінг сем разоў наведаў Расею, прычым некаторыя візыты былі карацейшымі за содні. Ён прылятаў у Маскву вечарам і пакідаў яе на заўтра.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG