Паводле пракуратуры, з мастацкага музэю ў цэнтры Францыі скралі кнігу, аформленую знакамітым мастаком-сюррэалістам Сальвадорам Далі.
«Кніга Апакаліпсісу» з вокладкай з бронзы зьнікла з цэнтру сучаснага мастацтва ў горадзе Ісуар, піша AFP. Пракуратура гораду Клермон-Фэран ахарактарызавала гэты твор як аб’ект «вельмі высокай каштоўнасьці».
Гэта чарговы выпадак у доўгім шэрагу крадзяжоў твораў мастацтва з музэяў па ўсёй Францыі, які ўзмацняе заклапочанасьць наконт аховы культурных каштоўнасьцяў краіны.
«Яна належыць прыватнаму ўладальніку, які меў невялікі прыватны музэй сучаснага мастацтва, дзе захоўваліся і іншыя, менш каштоўныя творы», — паведаміў агенцтву AFP мэр Ісуару Бэртран Баро.
Страта «неацэнная», бо «гэта справа ўсяго жыцьця», дадаў мэр.
Паводле яго слоў, ён размаўляў з уладальнікам, які быў «глыбока засмучаны і сказаў, што з музэю скрадзеная частка культурнай спадчыны Францыі».
Баро ня змог адказаць, ці суправаджаўся крадзеж узломам.
Рабаваньне Люўру ў 2025 годзе
У кастрычніку 2025 сярод белага дня банда з чатырох чалавек уварвалася ў Люўр з драбінай і вуглавымі шліфавальнымі машынамі. Ліхадзеям удалося выкрасьці ювэлірныя вырабы на суму каля 102 мільёнаў даляраў. Перад узломам галоўны адміністратар музэю публічна папярэджваў пра ня лепшыя ўмовы бясьпекі ў былым каралеўскім палацы, які летась наведалі 8,7 мільёна чалавек.
17 лістапада знакаміты парыскі музэй заявіў, што зачыняе адну з сваіх галерэяў дзеля засьцярогі пасьля таго, як праверка выявіла структурныя недахопы ў некаторых бэльках будынку. 65 чалавек, якія звычайна там працуюць, пераселяць, пакуль будзе ісьці далейшае расьсьледаваньне. Адпаведна ня будзе працаваць і галерэя грэцкай керамікі.
Іншыя рабаваньні і крадзяжы
За год па абрабаваньні Люўру па Францыі пракацілася цэлая сэрыя крадзяжоў і рабаваньняў.
5 ліпеня ў Вэнжэн-сюр-Мадэр злачынцы ўзламалі музэй і за 11 хвілін вынесьлі 27 ювэлірных вырабаў, разьбіўшы шэсьць вітрынаў. Страты ацанілі больш як на 4,5 млн. эўра.
Праз два тыдні, 24 ліпеня ў Шатыён-сюр-Сэн скралі залатое кельцкае калье, якому каля 2500 гадоў. Калье важыць каля 480 г і лічыцца ўнікальным археалягічным прадметам, адным з найкаштоўнейшых скарбаў Бургундыі.
У ноч на 6 жніўня злодзеі скралі гадзіннікі і ювэлірныя вырабы прыкладна на 1 млн. эўра з Музэю Жака Шырака, былога прэзыдэнта Францыі. У музэі захоўваюцца рэчы, атрыманыя Шыракам у падарунак у час палітычнай дзейнасьці. Што цікава, злачынцы выкралі каштоўнасьці з музэю якраз тады, калі ён зноў адкрыўся пасьля ўзмацненьня аховы.
Урэшце, 8 верасьня 2026 году злодзеі вынесьлі чатыры карціны Агюста Рэнуара з музэю ў Кань-сюр-Мэр. Дзьве карціны неўзабаве знайшлі, паведамляла Міністэрства культуры Францыі. А яшчэ дзьве працягваюць шукаць, як і злодзеяў.
Форум