Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску будуюць яшчэ адзін сакрэтны аб’ект для сілавікоў, — «Наша ніва»

Спадарожнікавы здымак тэрыторыі сакрэтнага комплексу. Канец красавіка 2026 году. Фота: мапы Apple / Наша Ніва
Спадарожнікавы здымак тэрыторыі сакрэтнага комплексу. Канец красавіка 2026 году. Фота: мапы Apple / Наша Ніва

Летась на грамадзкае абмеркаваньне выносіўся праект, паводле якога ў парку Дружбы народаў вырасьце Расейскі цэнтар навукі і культуры. А побач на 12 гектарах вырас сакрэтны комплекс з цірам, для прыкрыцьця якога абмеркаваньне і было задумана, — піша «Наша ніва» са спасылкай на тэндэрную дакумэнтацыю, праектныя чарцяжы і спадарожнікавыя здымкі.

Паводле выданьня, будаўніцтва комплексу даручана Будтрэсту № 4 і яго філіялам — будаўнічым упраўленьням № 13 і № 10, а таксама ўпраўленьню мэханізацыі № 208. Каб пазьбегнуць лішняй увагі, на партале дзяржаўных закупак працэдуры па забесьпячэньні будоўлі матэрыяламі разьмяшчаліся пад фармулёўкай «Аб’ект будаўніцтва ў г. Менску» — такі аб’ект немагчыма адшукаць убудаваным пошукам, бо ён выкарыстоўвае словы, якія ўваходзяць у апісаньне любога аб’екта, які будуецца ў сталіцы.

Толькі ў асобных дакумэнтах зьяўляецца ўдакладненьне — «вул. Багдановіча, 153А». Гэты адрас не адпавядае адрасу ўчастка, а належыць невялікаму будынку, які быў зьнесены на яго тэрыторыі. Згодна з тэндэрнай дакумэнтацыяй, фінансаваньне сакрэтнай будоўлі робяць за кошт сродкаў мясцовага бюджэту гораду Менску, а таксама ўласных сродкаў заказчыка.

Акрамя галоўнага будынка, комплекс мае яшчэ некалькі аб'ектаў і кантрольна-прапускны-пункт.

Хто будуе і для каго?

Як адзначае «Наша ніва», нягледзячы на разьмяшчэньне абʼекту на тэрыторыі Савецкага раёну Менску, афіцыйным заказчыкам будаўніцтва значыцца Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Заводзкага раёну г. Менску, і гэта ўжо ня першы раз, калі гэтая структура зьяўляецца на важных будоўлях па-за межамі сваёй тытульнай юрысдыкцыі. Выданьне таксама высьветліла, што генэральным праекціроўшчыкам быў інстытут «Ваенпраект», які знаходзіцца ў падпарадкаваньні Міністэрства абароны Беларусі.

На працягу апошніх гадоў у Менску ідзе шэраг буйных будоўляў для патрэб сілавых структураў, якія яднае сакрэтнасьць з ігнараваньнем заканадаўчых нормаў. У прыватнасьці падобны падыход быў выкарыстаны пры будаўніцтве новага корпусу Акадэміі нацыянальнай бясьпекі КДБ на Залатой Горцы, пра які днямі ў сваім расьсьледаваньні паведамляла Свабода. Шматпавярховы будынак быў узьведзены непасрэдна на тэрыторыі гістарычных каталіцкіх могілак. Дзеля гэтага абʼекта ўлады праігнаравалі зацьверджаны Міністэрствам культуры праект зон аховы і закон аб пахавальнай справе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG