Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё гэта выглядае вельмі цынічна», — Бяляцкі пра будаўніцтва Акадэміі КДБ на месцы каталіцкіх могілак у Менску

Выгляд на касьцёл Сьвятога Роха і будоўлю Акадэміі нацыянальнай бясьпекі КДБ. 4 чэрвеня 2026 году
Выгляд на касьцёл Сьвятога Роха і будоўлю Акадэміі нацыянальнай бясьпекі КДБ. 4 чэрвеня 2026 году

Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі ў інтэрвію Свабодзе пракамэнтаваў пабудову будынка Акадэміі нацыянальнай бясьпекі КДБ Беларусі на месцы гістарычных могілак, побач з касьцёлам Сьвятога Роха ў цэнтры Менску.

Расьсьледаваньне Свабоды высьветліла, што ўказ Аляксандра Лукашэнкі дазволіў забудаваць былыя каталіцкія могілкі на Залатой Горцы ў цэнтры Менску дзеля новага комплексу Акадэміі нацыянальнай бясьпекі (АНБ) пры КДБ. Будаўніцтва дазволілі ў абыход некалькіх нормаў заканадаўства, а інфармацыю пра аб’ект абмежавалі.

«Могілкі ёсьць могілкі. Там ніхто нічога не зьбіраўся будаваць», — кажа Алесь Бяляцкі.

У 1990-я гады ён быў сябрам камісіі культуры Менскага гарадзкога савету і, як успамінае, знаёміўся з плянамі пераўтварэньня гэтай тэрыторыі. Тады ўчастак былых могілак каля касьцёлу не плянавалі забудоўваць.

«Усе разумелі, што хоць гэта і цэнтар гораду, для забудоўцаў, для камэрсантаў ці для гарадзкіх і дзяржаўных структураў гэта быў ласы кавалак зямлі, але тым ня менш яна па змоўчаньні заставалася за касьцёлам», — кажа Алесь Бяляцкі.

Ён нагадвае, што тэрыторыя мела мэмарыяльнае значэньне, тут знаходзілі надмагільлі. Разьмяшчэньне на гэтым месцы навучальнага корпусу КДБ Бяляцкі лічыць асабліва цынічным, зьвяртаючы ўвагу на перасьлед Каталіцкай царквы органамі дзяржаўнай бясьпекі.

«Усё гэта выглядае вельмі цынічна. Гэта няправільна проста», — кажа нобэлеўскі ляўрэат.

Гісторыя залатагорскіх могілак пачынаецца з канца XVIII стагодьдзя. За больш як стагодзьдзе тут былі пахаваныя тысячы менчукоў — у тым ліку сьвятары, манахі і вядомыя жыхары гораду. За савецкім часам самы вялікі і знакаміты каталіцкі нэкропаль Менску быў канчаткова закрыты, а частку могілак зьнішчылі або забудавалі. Увосень 2017 году каля двух гектараў больш-менш ацалелай тэрыторыі гістарычных могілак перадалі каталіцкай парафіі Сьвятога Роха для «добраўпарадкаваньня і санітарнага нагляду».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG