Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень узьяднаньня Нямеччыны

Бэрлінскі мур 11 лістапада 1989 году
Бэрлінскі мур 11 лістапада 1989 году

Падзеі 3 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1078 — у міжусобнай бітве пад Чарнігавам загінуў Ізяслаў Яраславіч, сын Яраслава Мудрага, займаў княскія пасады ў Тураве і Кіеве. Разам з братамі ў сакавіку 1067 году біўся супраць полацкага князя Ўсяслава на Нямізе — тады ў летапісы трапіла першая згадка пра Менск. У чэрвені таго ж году Яраславічы вераломна захапілі Ўсяслава з двума сынамі і зьняволілі іх у Кіеве. Але ў 1068 годзе кіяўляне вызвалілі Ўсяслава і пасадзілі яго на кіеўскі пасад, а Ізяслаў уцёк у Польшчу. Увесну 1069 году Ізяслаў прывёў польскае войска, а Ўсяслаў вярнуўся ў Полацак.

1608 — аддзелы Яна Пятра Сапегі і Аляксандра Лісоўскага (лісоўчыкі) пачалі аблогу Тройца-Сергіевага манастыра пад Масквой (23 верасьня паводле старога стылю). Яна цягнулася да студзеня 1610 году і не дала выніку.

1615 — у выніку антыфэадальнага паўстаньня гараджанаў у Мазыры ўлада перайшла да гарадзкога магістрату.

1932 — Ірак атрымаў незалежнасьць ад брытанскага кіраваньня і ўступіў у Лігу Нацыяў Цяпер 3 кастрычніка адзначаецца ў Іраку як Нацыянальны дзень.

1952 — Вялікая Брытанія правяла першае выпрабаваньне ядзернай зброі.

1990 — адбылося юрыдычнае ўзьяднаньне Нямеччыны. Гэтаму папярэднічалі падзеньне Бэрлінскага муру 9 лістапада 1989 году, першыя свабодныя выбары ў ГДР 18 сакавіка 1990 году і падпісаньне 31 жніўня 1990 году Дамовы пра аб’яднаньне дзьвюх нямецкіх дзяржаваў. Сёньня ў Нямеччыне адзначаецца Дзень нямецкага адзінства.

2021 — выйшла «Дасье Пандоры». Міжнародны кансорцыюм журналістаў-расьсьледнікаў выкрыў афшорныя схемы сусьветных лідэраў. Гэта найбуйнейшы ў гісторыі выцек дакумэнтаў, якія засьведчылі, што ад падаткаабкладаньня былі выведзенгы трыльёны даляраў. 138 кампаніяў з дасье зьвязаныя з грамадзянамі Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся

1458 — Казімер Казімеравіч, сын караля польскага і вялікага князя літоўскага Казімера IV Ягайлавіча, каталіцкі сьвяты, патрон Літвы і Польшчы.

Партрэт сьвятога Казімера
Партрэт сьвятога Казімера

1889 — Міхал Пятроўскі, беларускі хадэцкі дзеяч, каталіцкі сьвятар.

1895 — Сяргей Ясенін, расейскі паэт.

Сяргей Ясенін
Сяргей Ясенін

1897 — Міхась Дуброўскі, беларускі пісьменьнік, перакладчык.

1897 — Люі Араґон, францускі пісьменьнік.

1914 — Ян Новак-Езяранскі, польскі журналіст, публіцыст, стваральнік польскай службы Радыё Свабодная Эўропа.

Ян Новак-Езяранскі
Ян Новак-Езяранскі

1922 — Міхась Наўмовіч, мастак, дзяяч беларускай эміграцыі.

1924 — Рыгор Клімовіч, дзяяч беларускага нацыянальнага супраціву, вязень ГУЛАГу, адзін зь лідэраў і аўтар гімну Нарыльскага паўстаньня.

1978 — Віктар Жыбуль, беларускі паэт і літаратуразнавец.

Віктар Жыбуль
Віктар Жыбуль

У памяці

1226 — Францішак Асыскі, заснавальнік ордэна францішканцаў, каталіцкі сьвяты.

Францішак Асыскі, карціна Хазэ дэ Рыбэра
Францішак Асыскі, карціна Хазэ дэ Рыбэра

1652 — Крыштап Хадкевіч, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

1848 — Міхал Баброўскі, славіст і арыенталіст, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, уніяцкі сьвятар. Чалец Археалягічнай акадэміі ў Рыме, парыскага і лёнданскага Азіяцкіх навуковых таварыстваў, камітэту выпрацаваньня харвацкага правапісу ў Далмацыі. У 1826 годзе падчас публічнага выступу на адкрыцьці курсу славяназнаўства ў Галоўнай духоўнай сэмінарыі Віленскага ўнівэрсытэту заявіў, што афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага і Статутаў ВКЛ была беларуская.

Айцец Міхал Баброўскі
Айцец Міхал Баброўскі

1937 — Павал Валошын, беларускі палітычны дзеяч.

2006 — Тамара Пузіноўская, акторка Купалаўскага тэатру.

2013 — Віктар Івашкевіч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, журналіст, адзін зь лідэраў нацыянальнага адраджэнскага руху.

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

2014 — Рыгор Кійко, беларускі мастак, палітвязень.

2017 — 21-гадовага шарагоўца Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай у склепе мэдычнай роты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Расьсьледаваньне прыйшло да высновы, што вайскоўца давялі да самагубства. У 2018 годзе Менскі абласны суд прысудзіў тром сяржантам 6, 7 і 9 гадоў зьняволеньня. Маці Коржыча з высновай пра самагубства не пагадзілася.

2023 — Надзея Артымовіч, паэтка на Падляшшы.


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG