Дзень у гісторыі
331 да н. э. — Бітва пры Гаўгамэлах, вырашальная бітва паміж войскамі Аляксандра Македонскага і пэрсыдзкага цара Дарыя III, неўзабаве пасьля якой 1-я Пэрсыдзкая імпэрыя спыніла сваё існаваньне.
1946 ― у Нюрнбэргу завяршыўся судовы працэс над кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны, які Міжнародны вайсковы трыбунал вёў ад 20 лістапада 1945 году.
З 22 падсудных 19 прызналі вінаватымі ў злачынствах супраць міру і чалавечнасьці, а таксама іншых ваенных злачынствах. 12 асудзілі на сьмяротнае пакараньне, трох — на пажыцьцёвае зьняволеньне, чатырох — на тэрміны ад 10 да 20 гадоў.
Трыбунал прызнаў злачыннымі СС, гестапа і іншыя структуры нацысцкага рэжыму.
1949 — заснаваная Кітайская Народная Рэспубліка. Камуністычная партыя ўсталявала ўладу на большай частцы мацерыковага Кітаю, а ўрад Кітайскай Рэспублікі да канца году адступіў на Тайвань.
2017 — у Каталёніі адбыўся арганізаваны мясцовым урадам рэфэрэндум наконт незалежнасьці. Паводле абвешчаных каталёнскімі ўладамі вынікаў, за незалежнасьць прагаласавалі 90% удзельнікаў пры яўцы 43%. Паліцыя перашкаджала галасаваньню і закрывала ўчасткі. Канстытуцыйны суд Гішпаніі прызнаў правядзеньне рэфэрэндуму неканстытуцыйным. Абвешчаныя вынікі не былі прызнаныя гішпанскімі ўладамі і міжнароднай супольнасьцю.
У гэты дзень нарадзіліся
1612 — Ян Храпавіцкі, дзяржаўны дзяяч ВКЛ, аўтар дзёньніка «Дыярыюш ваяводы віцебскага…».
1829 — Уладзіслаў Віктар Акінчыц, лекар, паўстанец 1863–1864 гадоў. Пасьля паўстаньня знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам, пазьней быў высланы ў Пермскую губэрню, дзе працаваў лекарам і памёр у 1891 годзе.
1881 — Міхаіл Станюта, беларускі мастак, бацька акторкі Стэфаніі Станюты.
1888 — Лукаш Дзекуць-Малей, беларускі рэлігійны й грамадзкі дзяяч, прапаведнік баптызму, перакладчык рэлігійных тэкстаў.
1900 — Раман Семашкевіч, мастак, ахвяра сталінізму.
1902 — Міхал Ляпеха, захавальнік сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах.
1937 — Андрэй Мдывані, беларускі кампазытар.
1949 — Ёсіф Сярэдзіч, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання, галоўны рэдактар «Народнай газеты» (1990—1995), заснавальнік і галоўны рэдактар адной з самых папулярных незалежных газэт у гісторыі Беларусі «Народная воля» (1995—2023).
1952 — Анатоль Байдачны, расейскі і беларускі футбаліст, галоўны трэнэр зборнай Беларусі па футболе ў 2003-2005 гадах.
У памяці
1940 — Сямён Жыткевіч, грамадзка-культурны дзеяч, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Таварыства беларускай школы. Загінуў у савецкім канцлягеры.
1987 — Аляксандар Воінаў, архітэктар.
1990 — Тамара Міянсарава, піяністка, стваральніца музычнай фанатэкі Беларускага радыё і тэлебачаньня.
2009 — Альгерд Невяроўскі, беларускі журналіст, у 1996–2007 гадах быў карэспандэнтам Радыё Свабода ў Менску.
2013 — Норбэрт Рандаў, нямецкі славіст, беларусазнавец.
2021 — Кастусь Севярынец, журналіст і паэт, аўтар паэтычных кніг для дзяцей.
https://smarturl.click/MAzp