Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціна Ціманоўская расказала, што ейны бацька пад хатнім арыштам

Крысьціна Ціманоўская, архіўнае фота
Крысьціна Ціманоўская, архіўнае фота

З бацькам і маці яна ня бачылася з 2021 году, калі не вярнулася ў Беларусь.

Беларуская бягуха Крысьціна Ціманоўская, якая выступае за Польшчу, расказала пра сваю сям’ю, што засталася ў Беларусі. Яна ня бачылася зь ёй каля пяці гадоў, перадае Белсат з спасылкай на Sport.pl.

«У бацькоў шмат праблем», — сказала спартоўка. Яна ня бачылася з бацькамі з 2021 году.

«Застаюцца толькі часам відэаразмовы. Але здаралася, што некалькі месяцаў запар нават так не ўдавалася пабачыцца, бо да бацькоў прыходзілі розныя людзі і гэта было б для іх небясьпечна», — прызналася Крысьціна Ціманоўская.

Яна таксама патлумачыла, чаму ня можа пабачыцца са сваякамі:

«Сытуацыя такая: мой бацька знаходзіцца пад хатнім арыштам. А мама побач зь ім».

Спартоўка не ўдакладніла прычынаў.

Ціманоўская лічыць, што спартоўцам, у прыватнасьці тэнісістцы Арыне Сабаленцы, «варта паспрабаваць зрабіць хоць што-небудзь для палітвязьняў». Яна сама хацела б дапамагчы зьняволенай з палітычных матываў лёгкаатлетцы Ганьне Шпак.

«Але што я магу? Напісаць у Instagram, што яна несправядліва знаходзіцца ў зьняволеньні? Гэтым я нічога не даб’юся», — дадала бягуха.

У жніўні Крысьціна Ціманоўская паказала найлепшы ў гісторыі польскай лёгкай атлетыкі вынік у бегу на 150 мэтраў сярод жанчын — 16,81 сэкунды.

31 ліпеня 2021 ўдзельніца Алімпійскіх гульняў у Токіё Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці ў Беларусь і адмовілася ад пасадкі на самалёт. Бягуху выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу. Яе ўключылі ў эстафэту 4×400 мэтраў, хаця на Алімпіядзе яна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў. Ціманоўская заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.

Цяпер Ціманоўская выступае за Польшчу ў спартовым клюбе Акадэмічнага спартовага зьвязу Акадэміі фізычнага выхаваньня і ўваходзіць у галоўную жаночую бегавую каманду гэтай краіны.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG