Дата дня
27 верасьня 1982 году ў Берасьці нарадзіўся Алесь Чаркашын — актывіст, беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне, Народны Герой Украіны (пасьмяротна).
Чаркашын яшчэ 18-гадовым юнаком далучыўся да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У часе навучаньня ў ВНУ (Алесь вучыўся ва Ўкраіне — з чырвоным дыплёмам скончыў Таўрыйскі хрысьціянскі інстытут у Хэрсоне) ён ўступіў у партыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і стаў кіраўніком яе берасьцейскай суполкі. Удзельнічаў у Плошчы-2010, арганізоўваў «маўклівыя пратэсты» ў родным горадзе.
У 2014 годзе ўступіў у склад Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару», ваяваў пад пазыўным «Тарас». 10 жніўня 2015 году быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы. Яму было 32 гады.
Алеся Чаркашына пахавалі ў Берасьцейскім раёне. Яго пасьмяротна ўзнагародзілі мэдалём «За самаахвярнасьць і любоў да Ўкраіны» і ордэнам «Народны герой Украіны», а таксама мэдалём «Пагоні», які ў 2022 годзе заснавала Рада БНР.
Гэты дзень у гісторыі
1422 — ВКЛ і Польскае каралеўства заключылі з Тэўтонскім ордэнам Мельнскі мір, які завяршыў апошнюю вайну паміж Ордэнам і ВКЛ. Ордэн канчаткова адмовіўся ад прэтэнзіяў на Жмудзь, а вызначаная дамовай мяжа праіснавала да Першай сусьветнай вайны.
1540 — папа Павал III афіцыйна зацьвердзіў Таварыства Ісуса — ордэн езуітаў. У ВКЛ езуіты перадусім пакінулі сьлед як ставарльнікі сыстэмы адукацыі. Заснаваны імі Віленскі калегіюм у 1579 годзе стаў унівэрсытэтам.
1605 — бітва пад Кірхгольмам (сучасны Саласьпілс, Латвія) паміж швэдзкім войскам Карла IX і войскам Рэчы Паспалітай Яна Хадкевіча. Войска Хадкевіча мела ўсяго 4 тысячы чалавек супраць 14-тысячнай швэдзкай арміі. Галоўную ролю ў перамозе адыгралі гусарскія палкі. Швэды страцілі забітымі 6 тысяч чалавек, а войска Хадкевіча — 100 чалавек.
1821 — у Мэксыцы завяршылася 11-гадовая вайна за незалежнасьць ад Гішпаніі. Назаўтра падпішуць Акт незалежнасьці.
1822 — францускі навуковец Жан-Франсуа Шампальён прадставіў у Парыжы вынікі расшыфроўкі старажытнаэгіпецкіх герогліфаў. Ягонае адкрыцьцё зрабіла магчымым чытаньне тэкстаў Старажытнага Эгіпту і паклала пачатак сучаснай эгіпталёгіі.
1825 — у Ангельшчыне паравоз упершыню правёз пасажыраў і грузы па чыгунцы. Ад гэтай даты вядзе адлік гісторыя чыгункі.
1939 — у Варшаве за дзень да капітуляцыі стварылі Службу перамогі Польшчы, першую агульнадзяржаўную вайсковую арганізацыю польскага падпольля. Пазьней яна была ператвораная ў Саюз узброенай барацьбы, а затым у Армію Краёву.
1940 — Нямеччына, Італія і Японія падпісалі ў Бэрліне Траісты пакт, які замацаваў іхны вайскова-палітычны саюз у Другой сусьветнай вайне. Пазьней да пакту далучыліся Вугоршчына, Румынія, Славаччына, Баўгарыя і Харватыя.
1941 — сілы Шарля дэ Голя, якія незадоўга да таго разам з брытанцамі выбілі з Сырыі войскі пранямецкага ўраду Вішы, абвясьцілі Сырыю незалежнай. Рэч у тым, што пасьля Першай сусьветнай вайны Сырыя была пад францускім мандатам. Падчас другой сусьветнай вайны краіну занялі брытанскія войскі і сілы Шарля дэ Голя, якія змагаліся супраць пранямецкага ўраду Вішы, што кіраваў Францыяй. Аднак апошнія францускія войскі пакінулі краіну толькі 17 красавіка 1946 году — менавіта гэты дзень сьвяткуецца ў Сырыі як Дзень незалежнасьці.
1942 — нацысты зьнішчылі гета ў Янаве Палескім. 26–27 верасьня нацысты і іх памагатыя забілі каля 3500 ягоных вязьняў, большасьць — у Рудзкім лесе каля мястэчка.
2020 — пачалася 44-дзённая вайна паміж Армэніяй і Азэрбайджанам за Нагорны Карабах.
2020 — «Марш інаўгурацыі» ў Менску сабраў каля 100 тысяч удзельнікаў.
2020 — арыштаваны Эдуард Пальчыс, блогер і грамадзкі актывіст. Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязьнем. У сьнежні 2021 году яго асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі. 19 сакавіка 2026 году Пальчыс быў вызвалены і вывезены ў Літву.
У гэты дзень нарадзіліся
1533 — Стэфан Баторы, кароль Рэчы Паспалітай, вялікі князь літоўскі.
1871 — Грацыя Дэледа, італьянская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1926 год.
1882 — Міхаіл Кахановіч, дзяяч беларускага руху, першы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, палітык у Заходняй Беларусі, ахвяра сталінізму.
1892 — Сяргей Баран, грамадзкі і культурны дзяяч, пэдагог, заснавальнік Горадзенскай беларускай гімназіі, пасол польскага Сэйму ў 1922–1927 гадах. У 1933 годзе яго арыштавала НКВД, налета яго асудзілі на 10 гадоў лягераў і адправілі ў Дальлаг, дзе ён і памёр.
1903 — Вера Харужая, камуністычная і партызанская актывістка, арганізатарка падпольнага камсамолу ў Заходняй Беларусі. У часе вайны зь немцамі арганізоўвала савецкае падпольле ў Віцебску, за што нацысты яе закатавалі.
1906 — Ірына Ждановіч, акторка, народная артыстка Беларусі.
1909 — Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік. У 1931 скончыў Беларускі пэдагагічны тэхнікум, уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша». Пачаў публікаваць аповесьці і апавяданьні з 1927. У студзені 1933 арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі, сасланы ў Ірбіт Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі. Паўторна арыштаваны 2 кастрычніка 1937 году, а 5 кастрычніка яго расстралялі. У 1974 выйшаў ягоны зборнік апавяданьняў і аповесьцяў «Ні госьць ні гаспадар».
1928 — Сяргей Вакар, скульптар, аўтар помніка Максіму Багдановічу каля Опэрнага тэатру ў Менску.
1947 — Уладзімер Міхнюк, гісторык.
У памяці
1551 — Ян Радзівіл, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.
1612 — Пётар Скарга, езуіцкі прапаведнік, першы рэктар Віленскай Акадэміі і ўнівэрсытэту.
1917 — Эдгар Дэга, францускі мастак.
1958 — Аляксей Туранкоў, беларускі кампазытар.
1972 — Сымон Кандыбовіч, дзяржаўны дзяяч і гісторык.
2022 — Барыс Маісееў, танцоўшчык і харэограф, поп-сьпявак.