Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Пакістану правесьці рэвізію супольных праектаў і засяродзіцца на наладжваньні фінансавага абмену і мадэрнізацыі плацёжнай інфраструктуры.
«Узровень палітычнага ўзаемадзеяньня, якое ў нас ёсьць, і парлямэнцкага ўзаемадзеяньня яўна не адпавядае таму эканамічнаму ўзроўню, які паміж Беларусьсю і Пакістанам», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле яго, раней з прэм’ерам Пакістану Шахбазам Шарыфам дасягулі дамовіліся аб інтэнсыфікацыі эканамічных дачыненьняў.
«Шахбаз вельмі пагружаны ў нашы дачыненьні. Але, шчыра вам скажу, хацелася б, каб мы ўсё рабілі своечасова», — сказаў Лукашэнка. — Вельмі важнае пытаньне — наладжваньне нармальнага фінансавага абмену, нармальных дачыненьняў у сфэры фінансаў паміж нашымі дзяржавамі. Мяркую, гэта вам пад сілу сёньня. Маючы на ўвазе найперш тую ролю, якую вы адыграеце ў сьвеце. Асабліва ў сувязі з тым, што вы робіце для ўрэгуляваньня канфлікту ў Армускай пратоцы».
Лукашэнка адзначыў, што праз складанасьці ў плацёжнай інфраструктуры аб’ём гандлю паміж краінамі пачаў скарачацца.
«З нага боку ніякіх праблем, затрымак тут няма. Мяркую і спадзяюся, што пасьля вашага візыту да нас будуць урэгуляваныя пытаньні і з пакістанскага боку», — сказаў Лукашэнка.
Ён прапанаваў, каб міжурадавая камісія правяла рэвізію дзейных праектаў, і выйшла «на тыя кірункі супрацы, якія сёньня патрэбныя Пакістану і Беларусі, каб не было затрымак у рэалізацыі гэтых праектаў».
Дзяржаўныя СМІ не паведамілі, ці абмяркоўвалі яны выкананьне дамоўленасьці аб прыцягненьні працоўнай сілы з Пакістану ў Беларусь. У публічных заявах гэтая тэма не прагучала
Што папярэднічала
11 красавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску з кіраўніком ураду Пакістану Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць мэханізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч чалавек. Гэтыя пляны выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненьне ўладаў. Былі нават затрыманьні тых, хто крытычна ацэньваў падобныя пэрспэктывы.
Мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж беларускім і пакістанскім урадамі ў супрацы ў сфэры працы і працаўладкаваньня падпісалі 25 жніўня 2025 году. Дакумэнт вызначае працэдуру, паводле якой Пакістан будзе накіроўваць сваіх грамадзян на працу ў Беларусь.
Згодна з інфармацыяй МУС Беларусі, у 2025 годзе ў больш як 9 тысяч наймальнікаў працавалі больш за 48 тысяч працоўных. Асноўную частку працоўных мігрантаў летась складалі грамадзяне Туркмэністану (23 050, або 48%), Расеі (4677, або 10%), Украіны (4389, або 9%), Узбэкістану (3618, або 7,5%) і Кітаю (3438, або 7%).
За парушэньне заканадаўства ў 2025 годзе больш як 24 тысячам іншаземцаў анулявалі дазволы на часовае і сталае жыхарства на тэрыторыі краіны.
У прыватнасьці, за грубае парушэньне заканадаўства летась выправадзілі зь Беларусі 4860 чалавек (у 2024 годзе — 5512), а 3885 адмовілі ва ўезьдзе (у 2024 годзе — 3382). На падставе матэрыялаў органаў унутраных справаў і хадайніцтваў дзяржаўных органаў 7806 выхадцам зь іншых краін забаранілі ўезд у рэспубліку.
Форум