Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадусара Вайнштэйна паўторна засудзілі за сэксуальны гвалт

Гарві Вайнштэйн
Гарві Вайнштэйн

Упершыню Вайнштэйна асудзілі ў 2020 годзе, але ў 2024 годзе вярхоўны суд штату Нью-Ёрк скасаваў гэты прысуд, цяпер агучылі новы вырак: 15 гадоў турмы.

Гарві Вайнштэйна, ужо асуджанага за сэксуальны гвалт, зноў засудзілі на 15 гадоў турэмнага зьняволеньня пасьля таго, як летась прысяжныя прызналі яго вінаватым у зьдзяйсьненьні злачыннага сэксуальнага акту ў дачыненьні да былой памочніцы. Пра вырак паведамляе ВВС.

У сераду судзьдзя Кэрціс Фарбэр раскрытыкаваў былога галівудзкага магната, абвяшчаючы прысуд — 15 гадоў зьняволеньня.

«Вы бралі тое, што хацелі, сілай і ніколі не прызнавалі сваёй адказнасьці», — сказаў Фарбэр.

У сваім выступе ў судзе пацярпелая Мірыям Гэйлі заявіла, што напад аказаў «разбуральны ўплыў на маё жыцьцё і пачуцьцё бясьпекі, які, магчыма, ніколі ня зьнікне».

Вайнштэйн, які зьявіўся ў судзе ў інвалідным вазку, аспрэчваў абвінавачаньні, але папрасіў прабачэньня ўва «ўсіх, каму мог нанесьці шкоду сваімі дзеяньнямі».

Гарві Вайнштэйн у судзе
Гарві Вайнштэйн у судзе

Вайнштэйн ужо правёў некалькі гадоў у турме ў Нью-Ёрку, дзе прайшоў праз тры судовыя працэсы па абвінавачваньнях у згвалтаваньні і гвалтоўных дзеяньнях. Яго таксама асудзілі ў асобнай справе аб сэксуальных злачынствах у Лос-Анджэлесе. Яму ўжо другі раз прысуджаюць турэмнае зьняволеньне ў справе Мірыям Гэйлі.

Упершыню Вайнштэйна асудзілі ў 2020 годзе, але ў 2024 годзе Вярхоўны суд штату Нью-Ёрк скасаваў гэты прысуд (як і прысуд у справе актрысы Джэсікі Ман), пастанавіўшы, што судовы працэс над Вайнштэйнам ня быў справядлівым. Летась адбыўся паўторны суд, на якім яго зноў прызналі вінаватым у адным пункце абвінавачаньня — у зьдзяйсьненьні злачыннага сэксуальнага акту ў дачыненьні да Гэйлі.

Зараз 74-гадовы Вайнштэйн знаходзіцца ў турэмным аддзяленьні шпіталю «Бэльвю» ў Нью-Ёрку ў сувязі з шэрагам захворваньняў, выяўленых падчас яго зьняволеньня.

Вайнштэйн усё яшчэ чакае прысуду ў Каліфорніі, дзе ў 2022 годзе яго прызналі вінаватым у згвалтаваньні і сэксуальным гвалце над актрысай у гатэльным нумары ў 2013 годзе. Апэляцыйны суд пастанавіў перагледзець прысуд у гэтай справе пасьля таго, як былі скасаваныя ранейшыя абвінаваўчыя прысуды, вынесеныя ў Нью-Ёрку. Вайнштэйн пасьлядоўна адмаўляў выстаўленыя супраць яго абвінавачваньні і заяўляў, што ягоная невінаватасьць будзе даказаная.

Чаму гэта важна

Калісьці пасьпяховы прадусар і стваральнік студыі Miramax (якая выпусьціла такія гіты, як «Закаханы Шэксьпір»), Вайнштэйн страціў рэпутацыю ў 2017 годзе пасьля таго, як выданьні The New York Times і The New Yorker апублікавалі шматлікія абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў, якія выставілі жанчыны.

Пасьля справы Вайнштэйна зьявілася шмат публічных абвінавачаньняў у адрас іншых вядомых мужчын, што прывяло да пачатку ўсясьветнай кампаніі супраць сэксуальных дамаганьняў пад гэштэгам #MeToo.

Увосень 2017 году дзясяткі жанчын пачалі абвінавачваць Вайнштэйна ў сэксуальных дамаганьнях рознага кшталту. Сярод тых, хто заявіў пра Вайнштэйнавы дамаганьні, — кіназоркі Анджэліна Джалі, Сальма Гаек, Гвінэт Пэлтраў і Эшлі Джад.

Вайнштэйн здаўся паліцыі ў траўні 2018 году і быў вызвалены пад заклад.

З абвінавачаньнямі ў адрас прадусара выступілі каля 80 жанчын. Згодна з рашэньнем суду, яны атрымаюць кампэнсацыі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG