Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца прэзыдэнта Літвы: краіны Балтыі ня йдуць на саступкі Злучаным Штатам у пытаньні транзыту беларускага калію

Дэйвідас Матулёніс
Дэйвідас Матулёніс

На гэты момант краіны ня хочуць прапускаць праз сваю тэрыторыю беларускія ўгнаеньні.

Пра гэта заявіў на LRT Radio дарадца прэзыдэнта Літвы ў нацыянальнай бясьпецы Дэйвідас Матулёніс.

«Любое парушэньне санкцый ЭЗ будзе мець маральны аспэкт, а таксама юрыдычны і фінансавы. <…> Гэта будзе свайго роду маральнае прыніжэньне», — сказаў Матулёніс.

Паводле яго слоў, беларускія ўгнаеньні не абавязкова павінны праходзіць транзытам празь Літву, у прыватнасьці порт Клайпеды, як гэта было да ўвядзеньня санкцый.

«Мы ведаем, што Амэрыка зацікаўленая ў танных беларускіх угнаеньнях, і гэта абмяркоўвалася», — адзначыў ён, падкрэсьліўшы, што ніхто не вылучае Вільні ўмоваў і «ня цісьне».

Матулёніс заявіў, што пытаньне транзыту калію абмяркоўвалася на мінулым тыдні са спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Беларусі Джонам Коўлам у час ягонага візыту ў Вільню.

Дарадца Гітанаса Наўседы таксама зазначыў, што ЗША абмяркоўваюць гэтую тэму з іншымі краінамі рэгіёну: «Мы б не хацелі, каб амэрыканцы перавозілі калійныя ўгнаеньні праз Расею, бо гэта прынесла б дадатковы даход расейскай вайсковай машыне. Амэрыканцы вядуць перамовы ня толькі з намі, але і з іншымі краінамі рэгіёну, але пакуль мы ўсе трымаемся разам, і я ня бачу ніякіх саступак ні з нашага боку, ні з боку іншых суседніх краін».

Матулёніс зьвярнуў увагу на заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Менску цяпер недастаткова калійных угнаеньняў для экспарту вялікіх аб’ёмаў у ЗША. Ён адзначыў, што санкцыі ЭЗ у дачыненьні беларускага калію мінаюць у канцы лютага 2027 году.

Пастаўкі беларускага калію ў ЗША

ЗША набываюць за мяжой каля 92-94% калійных угнаеньняў, якія спажываюць. Свая вытворчасьць вельмі абмежаваная і складае каля 1% сусьветнай здабычы і 8% ад уласных патрэб.

Беларусь да санкцый, якія былі ўведзеныя ў 2021 годзе, пастаўляла ў ЗША крыху больш за 700 тыс. тон калійных угнаеньняў на год. Гэта складала 8% амэрыканскіх закупак калію.

Пасьля ўвядзеньня санкцый афіцыйная беларуская статыстыка ў здабычы і экспарце калійных угнаеньняў больш не публікуецца. Але гэта ня значыць, што яе нельга даведацца. Паводле Геалягічнай службы Міністэрства ўнутраных справаў ЗША, экспарт калію з Беларусі ў 2024 годзе склаў 6,43 мільёна тонаў. Асноўным пакупніком быў Кітай.

Таксама беларускі калій набывае Бразылія і Індыя, але апошнія гады экспарт у гэтыя краіны скараціўся праз нежаданьне трапіць пад другасныя санкцыі. Але ў сакавіку 2026 санкцыі зь беларускага калію амэрыканцы зьнялі, што можа разьняволіць і названыя краіны.

У 2024-м Беларусь павялічыла вытворчасьць калію да 7,1 мільёна тонаў. То бок тэарэтычна, Беларусь магла б забясьпечыць патрэбы амэрыканскага рынку. Аднак, гэта толькі ў тэорыі. Беларусь ужо мае кантракты на пастаўку калію і скасоўваць іх ня будзе, а моцна нарасьціць аб’ёмы вытворчасьці проста не атрымаецца, кажа ў камэнтары Свабодзе эканаміст Мікалай Кульбака.

«Рэальна ўявіць сабе, што цяпер Лукашэнка змог бы перакінуць дастаткова вялікія аб’ёмы з іншых краін у Злучаныя Штаты, вельмі складана і праблематычна, на мой погляд. Праблема ў тым, што ў Беларусі няма свабодных магутнасьцяў, каб яшчэ і на Злучаныя Штаты хапала гэтага прадукту. З Кітаем, асноўным пакупніком, яны дакладна сварыцца ня будуць. Проста Трампу патрэбная нейкая альтэрнатыва, якую ён можа прадэманстраваць народу, або з дапамогай якой можа націснуць на Канаду, паказаўшы, што ня вы адны такія на белым сьвеце», — мяркуе суразмоўца.

Пра гэтую ж праблему кажа і Лукашэнка, у сваёй заяве, якая на некалькі гадзінаў апярэдзіла допіс Дональда Трампа.

«Наколькі я інфармаваны прэм’ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сьведчаньнем таму — перамовы з амэрыканцамі. І як тут многія крычаць: „Ах, калій!“ Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма, усё закантрактавана», — заявіў Лукашэнка.

Што адбылося

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 верасьня напісаў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!», — напісаў ён.

Санкцыі з беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу гэтага не зрабіў. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускія ўгнаеньні, але і забараняюць іх транзыт праз свае марскія парты.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG