Дата дня
23 верасьня 1936 году нарадзіўся Сямён Шарэцкі — апошні старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі
Улетку 1996 году прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка заявіў пра намер правесьці рэфэрэндум пра пашырэньне ягоных паўнамоцтваў. У адказ 11 верасьня Шарэцкі выступіў са зваротам да беларускага народу «Людзі, будзьце пільныя! У рэспубліцы запахла фашызмам!»:
«Усёабдымнае і бескантрольнае кіраваньне дзяржавай, якога прэзыдэнт патрабуе для сябе ў праекце новай рэдакцыі Канстытуцыі, неабходнае, з аднаго боку, каб задаволіць ягонае гіпэртрафаванае імкненьне да ўлады, ... а з другога — каб шмат хто зь ягонага атачэньня мог пазьбегнуць адказнасьці за тыя парушэньні нормаў законнасьці, якія яны ўчынілі дзеля ўласнага ўзбагачэньня», — заявіў тады Шарэцкі.
19 лістапада ў Канстытуцыйны суд былі перададзеныя 73 дэпутацкія подпісы за імпічмэнт Лукашэнку.
Але ўначы на 22 лістапада Шарэцкі пад ціскам высокапастаўленай дэлегацыі з Расеі паставіў подпіс пад пагадненьнем, якое прадугледжвала, што Лукашэнка скасоўвае два ўказы, вынікі рэфэрэндуму будуць неабавязковымі, а старшыня Вярхоўнага Савету і Канстытуцыйны суд спыняюць працэдуру імпічмэнту.
У выніку пасьля рэфэрэндуму 24 лістапада Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет.
🛈 Пра тыя лёсавызначальныя для Беларусі падзеі падрабязна расказаў Сяргей Навумчык у дакумэнтальнай кнізе «Дзевяноста шосты».
21 ліпеня 1999 году дэпутаты Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, якія працягвалі лічыць дзейнай Канстытуцыю 1994 году, абвясьцілі Шарэцкага выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы. Летам таго ж году ён выехаў у Літву, а ў 2001 годзе эміграваў у ЗША.
Гэты дзень у гісторыі
1492 — Ян I Ольбрахт (Ягайлавіч) каранаваны на польскага караля.
1648 — бітва пад Піляўцамі. Войска Багдана Хмяльніцкага і Крымскага ханства разграміла войска Рэчы Паспалітай.
1771 — параза войска Вялікага Княства на чале зь вялікім гетманам Міхалам Казімерам Агінскім ад расейскіх войскаў пад кіраваньнем Аляксандра Суворава ў бітве пад Сталовічамі (цяпер — Баранавіцкі раён).
1932 — абвешчана стварэньне Каралеўства Саўдаўская Арабія — Ібн Сауд афіцыйна аб’яднаў Нэджд і Хіджаз у адну дзяржаву.
1943 — нацысты зьнішчылі Віленскае гета. Усяго за тры гады акупацыі ў Літве былі забітыя 200 тысяч габрэяў. З гэтае нагоды ў краіне штогод адзначаецца Дзень памяці ахвяраў генацыду.
1998 — Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю наконт Косава, заклікаўшы ўсе бакі спыніць баявыя дзеяньні. Ад уладаў Сэрбіі ААН таксама запатрабавала спыніць рэпрэсіі супраць цывільнага насельніцтва.
2002 — адбылася прэзэнтацыя першага нумара незалежнага літаратурнага часопіса «Дзеяслоў». Ён выдаваўся да канца 2023 году, усяго пабачыла сьвет 127 нумароў. Пасьля закрыцьця часопісу ў Беларусі ягоны фармат працягнуў альманах «Апостраф» — з 2024 году выйшла ўжо 6 выпускаў.
2020 — у Менску прайшла раптоўная цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Увечары ў сталіцы і шэрагу іншых гарадоў адбыліся масавыя акцыі пратэсту, выкліканыя інаўгурацыяй. 24 верасьня Эўрапейскі зьвяз заявіў, што не прызнае вынікаў выбараў і што новы мандат Лукашэнкі «ня мае дэмакратычнай легітымнасьці».
У гэты дзень нарадзіліся
63 да н. э. — Гай Юліюс Цэзар Актавіян Аўгуст, рымскі імпэратар.
1846 — першае назіраньне плянэты Нэптун.
1872 — Мiхал Курака, мэталюрг, канструктар доменных печаў, заснавальнік школы доменьнікаў.
1900 — Тадэвуш Даленга-Мастовіч, пісьменьнік і журналіст.
1901 — Яраслаў Сэйфэрт, чэскі паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1984 год.
1908 — Мікалай Патолічаў, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі ў 1950–1956 гг.
1910 — Юльян Сергіевіч, беларускі паэт і настаўнік.
1918 — Аркадзь Маўзон, беларускі драматург.
1924 — Артур Вольскі, пісьменьнік і перакладнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. XXI ст., сын пісьменьніка Віталя Вольскага, бацька музыкі і мастака Лявона Вольскага. Ён уваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў вайны.
Найбольш поўна літаратурныя таленты Артура Вольскага раскрыліся, калі ён паўтара дзесяцігодзьдзя працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача — спачатку загадчыкам літаратурнай часткі, а затым дырэктарам. Якраз тады разам з шматлікімі паэтычнымі і празаічнымі зборнікамі для дзяцей і дарослых была створаная п’еса-казка «Сьцяпан — вялікі пан», што — пакладзеная на музыку Юрыем Семянякам — сталася першай беларускай дзіцячай апэрэтай.
Адным зь ягоных найлепшых паэтычных твораў апошніх гадоў шмат хто лічыць верш «Калі гучыць „Магутны Божа“».
Калі гучыць „Магутны Божа”,
гатоў я ўпасьці на калені.
Бог — толькі Бог! — нам дапаможа
знайсьці шляхі да вызваленьня...
Каб у духоўным землятрусе,
ў Хрысьце знайшоўшы ўратаваньне,
прынесьлі людзі Беларусі
за ўсе правіны пакаяньне.
І слаўна пойдзе ўсё ды спраўна.
І заквітнее Край наш гожа.
І загучыць, як Гімн Дзяржаўны,
сьпеў нашых душ — „Магутны Божа”.
У памяці
1714 — Ільля Капіевіч, друкар, асьветнік і пісьменьнік.
1935 — Лявон (Леанард) Заяц, беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, сябра Народнага сакратарыяту БНР. Быў рэпрэсаваны бальшавіцкімі ўладамі і памёр у зьняволеньні.
1939 — Зыгмунд Фройд, аўстрыйскі лекар-псыхіятар, псыхоляг і нэўроляг, заснавальнік псыхааналізу.
1930 — Анатоль Бонч-Асмалоўскі, грамадзка-палітычны дзяяч, мэмуарыст.
1941 — Цiхан Бумажкоў. У 1939 годзе ён быў прысланы ў Рудобелку кіраваць мясцовым райкамам партыі. Калі пачалася вайна, стварыў тут партызанскі атрад і ў вёсцы Воземля разграміў штаб нямецкай дывізіі. Неўзабаве быў адкліканы на фронт.
1944 — недалёка ад Омску адбылася чыгуначная катастрофа, вагоны Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатру, які вяртаўся з томскай эвакуацыі ў Менск, сышлі з рэек. Сярод загінулых былі акторы
- Барыс Аляксеенка,
- Канстанцiн Былiч, заслужаны артыст Беларусі.
- Ігар Счансновіч,
- Маргарыта Шашалевіч, акторка БДТ-1, жонка скульптара Заіра Азгура, траюрадная сястра пісьменьніка Андрэя Мрыя і драматурга Васіля Шашалевіча.
Вось як успамінала пра гэтае крушэньне народная артыстка Стэфанія Станюта:
«Мы едзем, ноч, а я не засынаю. Канстанцін Быліч намерыўся быў зьмяняцца са мною месцамі, але чамусьці не прыйшоў. Томск ужо застаўся далёка ззаду, праехалі і Омск. Гляджу ў акно зь верхняй паліцы і думаю — гэта запомнілася на ўсё жыцьцё: як цёмна, страшна, як даверліва сядзяць людзі ў цягніку, і ўсё залежыць ад машыніста, і якім жа ён павінен быць уважлівым, асьцярожным... І раптам быццам па бясконцых сутыках рэек вагон пайшоў, а гэта ён — ужо па шпалах; і тут затрашчала ўсё, загрукатала, моцна нахілілася і перакулілася. Я чую жудасны крык жонкі Глебава:
«Глена!» А Глена, дачка іхняя, вылецела ў разьбітае акно, у той бок, куды лёг вагон... У мяне пад нагамі — асколкі разьбітага шкла, мокрая трава...
Дзевяць трупаў мы пакінулі там, каля Омска. Апроч дачкі Глебавых загінулі яшчэ Маргарыта Шашалевіч, Ігар Счансновіч, Быліч, які так і не зьмяняўся са мной месцамі і таксама вылецеў у акно, пад сьцяну вагона, што паваліўся... Яшчэ Барыс Аляксеенка, малады, прыгожы: ён і Быліч у нашай трупе былі па амплюа галоўнымі героямі». (Аляксандр Станюта. «Стэфанія», Менск, 1994 год).
1973 — Паблё Нэруда, чылійскі паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1971 год.
2019 — Алесь Масарэнка, пісьменьнік, апякун літаратурнай моладзі.