Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУ ў супрацы з расейскай кампаніяй адкрылі лябараторыю кібэрбясьпекі

Галоўных корпус Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
Галоўных корпус Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту

Беларускія ўнівэрсытэты спрабуюць пераабсталяваць паводле сучасных выклікаў і патрабаваньняў.

У БДУ стварылі вучэбна-навуковая лябараторыю «Дасьледаваньні бясьпекі кампутарных сетак UserGate». Яе працу забясьпечыць катэдра тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналёгій пры факультэце радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгій БДУ, напісаў унівэрсытэт на сваёй старонцы.

Лябараторыю стварылі разам з расейскім распрацоўнікам UserGate і прымеркавалі да 50-годзьдзя Факультэту радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгій (ФРФіКТ).

«Гэта першая ў Беларусі адукацыйная плятформа, створаная супольна з расейскай кампаніяй. Гэта дае канкурэнтную перавагу нашым факультэтам у наборы абітурыентаў і падрыхтоўцы будучых адмыслоўцаў. Мы зможам рыхтаваць студэнтаў згодна самых перадавых і сучасных тэхналёгіяў, бо дзейнасьць лябараторыі мае вельмі патрэбны сёньня практыкаарыентаваны складнік», — запэўніў рэктар ВНУ Андрэй Кароль.

Паводле яго, за 20+ гадоў БДУ падрыхтаваў каля 1500 адмыслоўцаў у кібэрбясьпецы. Яны працуюць у цэнтрах кібэрбясьпекі пры дзяржаўных органах і арганізацыях, а таксама ў профільных падразьдзелах прадпрыемстваў.

Заняткі ў інавацыйнай лябараторыі разьлічаныя на студэнтаў і магістрантаў спэцыяльнасьці «кібэрбясьпека» ФРФіКТ. Яны будуць на сапраўдных выпадках адпрацоўваць навыкі прадухіленьня кібэрпагроз.

Якое становішча з кібэрбясьпекай

Пачынаючы з 2020 году, старонкі і супольнасьці шэрагу дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў зазналі нападаў, у выніку якіх адбываўся ўзлом старонак, выцек зьвестак.

Адным з нашумелых выпадкаў была дзейнасьць групоўкі «Кібэрпартызаны», якім удалося выкрасьці шэраг важных зьвестак пра дзеячоў улады, пачынаючы ад самога Лукашэнкі.

«Кібэрпартызаны» — група хакераў, якая ўтварылася ў другой палове 2020 году. За гэты час ім удалося ўзламаць шэраг сайтаў, пашпартную сыстэму Беларусі, здабыць з розных крыніц інфармацыю з кадастру пра маёмасьць Лукашэнкі і яго атачэньня, пэрсанальныя зьвесткі супрацоўнікаў КДБ і МУС. Таксама праломнікам удалося праслухаць шэраг размоваў у найбольш высокіх кабінэтах улады. Група прызналася, што для некаторых узломаў яе людзі пранікалі на «аб’екты рэжыму», каб адкрываць доступ да засакрэчаных базаў.

Пасьля гэтага ўлады сталі часьцей выказвацца пра патрэбу выхаваньня вялікай колькасьці адмыслоўцаў, якія маглі б эфэктыўна дзейнічаць у інтэрнэце, баронячы дзяржаўную інфраструктуру ў сеціве.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG