Дата дня
22 верасьня 1939 году ў Берасьці адбыўся сумесны парад частак нямецкай і савецкай арміяў з нагоды афіцыйнай працэдуры перадачы Брэст-Літоўска і «Брэсцкай крэпасьці» савецкаму боку. Сьведчаньнямі засталіся ня толькі фатаграфіі з вывешанымі побач нямецкай свастыкай і чырвонай зоркай, ня толькі кадры фотакронікі, але і ўспаміны галоўных герояў параду –— нямецкага генэрала Гудэрыяна і савецкага камбрыга Крывашэіна.
22 верасьня — Усясьветны дзень без аўтамабіля. Гэтым днём завяршаецца Эўрапейскі тыдзень мабільнасьці. Кіроўцаў заклікаюць у гэты дзень адмовіцца ад выкарыстаньня асабістага аўтатранспарту і матацыклаў. У Беларусі Дзень без аўтамабіля ўпершыню правялі ў 2008 годзе.
Гэты дзень у гісторыі
1236 — у бітве пры Саўле балцкае войска разграміла Ордэн мечаносцаў. Пасьля гэтай паразы ордэн страціў самастойнасьць і быў далучаны да Тэўтонскага. 22 верасьня ў Літве і Латвіі адзначаюць Дзень балцкага адзінства.
1792 — у Францыі пачаўся 1-ы год Рэспублікі. Такое летазьлічэньне пратрымалася да канца 1805 году, калі Напалеон вярнуў грыгарыянскі каляндар.
1908 — Баўгарыя абвясьціла незалежнасьць ад Асманскай імпэрыі. Сёньня ў Баўгарыі — Дзень незалежнасьці.
1939 — нямецкія войскі перадалі Беласток савецкаму боку, у горад увайшла Чырвоная армія.
1943 — забіты гаўляйтэр Беларусі Вільгельм Кубэ. Яго забіла Алена Мазанік, якая служыла ў яго пакаёўкай.
1960 — Нацыянальны сход былой Суданскай Рэспублікі абвясьціў незалежную і сувэрэнную Рэспубліку Малі. 22 верасьня цяпер адзначаецца ў Малі як Дзень незалежнасьці.
1980 — нападам Іраку на Іран пачалася васьмігадовая вайна паміж імі.
У гэты дзень нарадзіліся
1791 — Майкл Фарадэй, брытанскі фізык і хімік.
1809 — Аляксандар Рыпінскі, паэт, фальклярыст, мастак, выдавец, удзельнік вызвольнага паўстаньня 1830–1831 гадоў. Пасьля паразы паўстаньня жыў у эміграцыі ў Францыі і Вялікай Брытаніі, займаўся літаратурай, выдавецкай справай і фатаграфіяй. У 1840 годзе ў Парыжы выдаў кнігу «Białoruś» — адну з раньніх асобных працаў, прысьвечаных беларускай народнай культуры. У 1859 годзе вярнуўся на радзіму.
1875 — Мікалоюс Чурлёніс, літоўскі мастак і кампазытар.
1903 — Хвядос Шынклер, беларускі пісьменьнік.
1925 — Алесь Траяноўскі, беларускі пісьменьнік, перакладнік, крытык, публіцыст.
1932 — Альгірдас Бразаўскас, прэзыдэнт (1993—1998) і прэм’ер-міністар (2001—2006) Літвы.
У памяці
1850 — Францішак Дзеружынскі, беларускі рэлігійны дзяяч, адзін з пачынальнікаў адукацыйнай сыстэмы каталіцкай царквы ў ЗША.
1917 — Ігнат Буйніцкі, тэатральны дзяяч, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст., стваральнік беларускага прафэсійнага тэатру.
1975 — Павал Крынчык, дзяяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі, пасол польскага сэйму, вязень ГУЛАГу, мэмуарыст.
1999 — Уладзімер Куляшоў, беларускі актор, народны артыст Беларусі.
https://smarturl.click/MAzp