Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авіякампанія Turkish Airlines аднавіла рэйсы ў Менск

Самалёт кампаніі Turkish Airlines
Самалёт кампаніі Turkish Airlines

Турэцкі авіяперавозьнік Turkish Airlines не выконваў рэйсы ў Менск з 2022 году.

21 верасьня ўначы ў менскім аэрапорце ў 00-45 прызямліўся самалёт Турэцкіх авіяліній Turkish Airlines.

У 01.40 рэйс, які выконваўся самалётам Airbus A321, выляцеў у Стамбул. Расклад і цану можна спраўдзіць на сайце Turkish Airlines, цяпер білет Стамбул-Менск каштуе каля 400-500 даляраў і болей у залежнасьці ад даты вылету.

Самалёт знаходзіцца ў палёце 3 гадзіны 40 хвілін.

Менскі аэрапорт паведаміў з гэтай нагоды:

«Сёньня ноччу Нацыянальны аэрапорт Менск прывітаў вяртаньне турэцкага перавозчыка на адзін з самых запатрабаваных авіямаршрутаў. Самалёт авіякампаніі Turkish Airlines, які выканаў першы рэгулярны рэйс па адноўленай палётнай праграме Стамбул — Менск, пасьпяхова прызямліўся ў беларускай сталіцы дакладна па раскладзе.

Частата палётаў на першым этапе складзе 6-7 разоў на тыдзень (начныя і дзённыя рэйсы). Расклад рэйсаў і кошт білетаў даступны на афіцыйным сайце авіякампаніі».

Turkish Airlines прыпыніла палёты ў Беларусь у лютым 2022 года пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Авіякампанія Turkish Airlines вяртае рэйсы ў Менск, пра што паведамляе ў сваім тэлеграм-канале нацыянальны аэрапорт «Менск».

Чакаецца, што рэйсы маршрутам Стамбул — Менск — Стамбул будуць выконвацца з 21 верасня. Turkish Airlines будзе лётаць шэсьць разоў на тыдзень па аўторках, чацьвяргах і суботах: чатыры рэйсы будуць начнымі, два — дзённымі.

Чаму гэта важна

Авіякампанія Turkish Airlines спыніла палёты ў Беларусь пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымала ўлада Беларусі. Забарону на палёты неаднаразова працягвалі.

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне менскі аэрапорт пакінулі авіякампаніі, якія не падтрымалі ранейшыя міжнародныя санкцыі, накладзеныя на беларускую авіяцыю ў сувязі з прымусовай пасадкай самалёта авіякампаніі RyanAir з Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай на борце. У Менск працягвалі лятаць FlyDubai I Turkish Airlines, але з пачаткам вайны і яны скасавалі свае рэйсы. Апошняя аднаўляе рэйсы пасьля больш чым чатырохгадовага перапынку.

У Стамбул зь Менску таксама лятае беларуская кампанія «Белавія».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG