Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы начальнік Ганцавіцкага РАУС уцёк з псыхбольніцы

Віталь Куляшоў
Віталь Куляшоў

Віталь Куляшоў — добра вядомы жыхарам Ганцавіччыны. Ён браў удзел у дзяржаўных рэпрэсіях, пагражаў журналістам і пісаў на іх заявы ў суд.

Былога начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова, які самавольна сышоў з псыханэўралягічнага дыспансэра, шукалі міліцыя і ратаўнікі.

Паводле арыентоўкі пошукава-ратавальнага атраду «Арыенцір», 17 верасьня каля 13-й гадзіны Куляшоў, 1978 года нараджэньня, самавольна пакінуў стацыянарны аддзел Баранавіцкага псыханэўралягічнага дыспансэра.

Куляшова не маглі знайсьці дзень. Але ўжо 18 верасьня адшукалі.

Хто такі Віталь Куляшоў?

Раённы аддзел унутраных спраў Куляшоў ачоліў у 2019 годзе. Да таго ён амаль 20 гадоў адпрацаваў у міліцыі.

Газэта «Ганцавіцкі час» прыгадвае, што 20 чэрвеня 2020 году ў цэнтры Ганцавіч міліцыя затрымлівала ўдзельнікаў «ланцуга салідарнасьці». Разам зь імі затрымалі журналістаў газэты, якія вялі жывы этэр. Віталь Куляшоў пасьля сам пацьвердзіў у судзе, што ўдзельнічаў у затрыманьні.

Судзьдзя Кацярына Груда тады асудзіла журналістаў.

У матэрыялах выданьня «Першы Рэгіён» захаваліся апавяданьні сваякоў затрыманых аб тым, што адбывалася пасьля дастаўкі людзей у РАУС. Маці аднаго з затрыманых расказвала, што мэдыкі пазьней зафіксавалі ў сына цялесныя пашкоджаньні.

Аднак у 2021 годзе міліцэйская кар’ера Куляшова абарвалася. Яго падазравалі ў парушэньнях з асобнымі фінансавымі апэрацыямі, разьмеркаваньнем прэмій і распараджэньнем маёмасьцю РАУС, пісаў у жніўні таго году «Ганцавіцкі час».

Асобная гісторыя тычылася мэталалому, раней сканфіскаванага ў прыватнай асобы ў адной з вёсак раёну. Паводле суразмоўцаў рэдакцыі, мэтал апынуўся на тэрыторыі РАУС, а затым зьнік. Тады сталі разьбірацца, куды паступілі грошы ад яго рэалізацыі. У той гісторыі, як пісала выданьне, зь міліцыянтаў фігураваў ня толькі Куляшоў, але толькі ён за гэта пацярпеў.

Куляшоў пакінуў міліцыю і ўладкаваўся ў адну зь сельскагаспадарчых арганізацый. Але пытаньні наконт ягонай дзейнасьці заставаліся. Меркавана, гэта стала прычынай зрыву і спробы самагубства. Затым Куляшоў трапіў у псыхіятрыю. Але дакладна пацьверджаных дэталяў гісторыі няма, таму «Ганцавіцкі час» іх не публікаваў.

Між іншым, у 2022 годзе ў Ганцавіцкім раёне судзілі мянчанку Ірыну Сташкевіч. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). А пацярпелым у справе праходзіў якраз Куляшоў.

У віну Ірыне Сташкевіч ставілася тое, што 21 кастрычніка 2020 году пад здымкам Куляшова ў адным з тэлеграм-каналаў яна пакінула камэнтар у тры словы: «Ну і рожа». Куляшоў на суд не прыехаў, пісала «Вясна». Але ў пакінутых паказаньнях заяўляў, што камэнтар выклікаў у яго моцныя перажываньні, у яго нібыта падняўся праз гэта ціск.

Сузьдзя Ўладзімер Космач прысудзіў Сташкевіч тры гады «хатняй хіміі».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG