Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 верасьня: жыхара Гомля асудзілі паводле 5 артыкулаў на 5,5 года зьняволеньня

Гомель, абласны суд, архіўнае фота
Гомель, абласны суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Жыхара Гомля асудзілі паводле 5 артыкулаў на 5,5 года ў калёніі

26-гадовага гамельчука палітвязьня Мацьвея Баранава абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а ў жніўні 2026 года ўнесьлі ў сьпіс асобаў, якіх улады Беларусі лічаць датычнымі да «тэрарыстычнай дзейнасьці», піша «Вясна».

Мацьвей Баранаў нарадзіўся 7 красавіка 2000 года. Яго затрымалі 10 верасьня 2025 года і абвінавацілі паводле арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі), арт. 367 (паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), а таксама арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі).

Прысуд Мацьвею Баранаву быў вынесены ў 2025 годзе, а стаў вядомы праваабаронцам цяпер. Яму прызначылі пяць гадоў і шэсьць месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дакладная дата прысуду не вядомая.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агулам рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году ня менш за 500 тысяч. BelPol уключае ў лік рэпрэсаваных і тых людзей, якія вымушана пакінулі Беларусь і апасаюцца вярнуцца на Радзіму, баючыся крымінальнага перасьледу паводле палітычных матываў.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG